viasna on patreon

Экспэрты БДІПЧ цікавяцца зьменамі ў Выбарчы кодэкс

2013 2013-10-23T11:03:06+0300 2013-10-23T11:03:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/abse.jpg

У Менску зь візытам знаходзяцца экспэрты Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ. Яны правядуць сустрэчы з прадстаўнікамі Цэнтравыбаркаму і апазыцыі.

Адказны сакратар ЦВК Мікалай Лазавік распавёў карэспандэнту Свабоды, што гэта працоўная сустрэча.

«У нас унесены закон пра чарговыя зьмены ў выбарчае заканадаўства, і яны цікавяцца сутнасьцю гэтых зьменаў. У якім кірунку будзе зьмяняцца наша заканадаўства. Гэта экспэрты і аналітыкі, якія не даюць канкрэтных прапаноў. Прапановы выкладзены ў выніковай справаздачы БДІПЧ АБСЭ па выніках назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі. Яны проста аналізуюць, як улічваюцца іх прапановы, у якім кірунку мяняецца выбарчае заканадаўства, як мяркуецца ўдасканальваць практыку яго прымяненьня. То бок яны не ўпаўнаважаныя даваць нейкія дадатковыя рэкамэндацыі», — патлумачыў Лазавік.


Паводле Лазавіка, беларускі бок уважліва ставіцца да ўсіх прапаноў, аднак ня ўсе прапановы могуць быць рэалізаваныя.

«Некаторыя зь іх супярэчаць Канстытуцыі, а некаторыя эўрапейскія каштоўнасьці на гэтым этапе пакуль непрымальныя для нас».

Сустаршыня аб’яднаньня «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка адзначыў, што ва ўладаў адна формула, каб забясьпечваць «элегантныя» перамогі на выбарах.

«І цяперашнія зьмены ў Выбарчы кодэкс сьведчаць пра тое, што яны ня могуць старымі мэтадамі забясьпечыць гэтыя элегантныя перамогі. І таму такая тэндэнцыя і надалей будзе назірацца. Фактычна ж ніякіх зьменаў не адбылося ў бок лібэралізацыі выбарчага працэсу. Выключна наадварот. І калі размова ідзе пра экспэртаў БДІПЧ, то ніхто ня купіцца на гэтую туфту».


7 сакавіка дэлегацыя Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ знаходзілася з рабочай паездкай у Беларусі і пакінула ў Менску 25 рэкамэндацыяў па паляпшэньні выбарчага заканадаўства Беларусі.

Афіцыйны Менск звычайна абвінавачвае місію БДІПЧ у палітызаванасьці і дваістых стандартах. У сваю чаргу, экспэрты Бюро не прызналі ніводных беларускіх выбараў пасьля першых прэзыдэнцкіх у 1994 годзе свабоднымі і дэмакратычнымі.

2 кастрычніка 2013 года Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняла законапраект аб унясеньні паправак у Выбарчы кодэкс. У адмысловай заяве апазыцыі гаворыцца, што ён не набліжае, а аддаляе Беларусь ад магчымасьці правядзеньня свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства