viasna on patreon

Суд Крычаўскага раёна задаволіў чарговы пазоў супраць газеты “Вольны горад”

2013 2013-10-22T12:08:44+0300 2013-10-22T12:08:44+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/volny-gorad-krych-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

22 кастрычніка суд Крычаўскага раёна  задаволіў чарговы пазоў КУП “Чэрыкаўская ПМК-280” да газеты “Вольны горад”. Суддзя Антаніна Качанава прыйшла да высновы, што журналісты газеты “Вольны горад” у артыкуле “З абвяржэннем пачакаем” дыскрэдытавалі кіраўніцтва прадпрыемства і падрывалі дзелавую рэпутацыю КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280”. Гэты артыкул быў змешчаны ў нумары № 25 газеты “Вольны горад” ад 29 чэрвеня 2013 года.

Газета “Вольны горад” павінна будзе змясціць на сваіх старонках абвяржэнне змешчанай у артыкуле “З абвяржэннем пачакаем” інфармацыі. Згодна рашэння суда, будзе надрукаваны тэкст абвяржэння, які падрыхтавала адміністрацыя КУП “Чэрыкаўская ПМК-280”.

Таксама журналісты газеты “Вольны горад” павінны будуць кампенсаваць затраты Чэрыкаўскай ПМК-280 на паслугі адваката ў памеры 850 тысяч рублёў і аплаціць судовыя выдаткі ў суме 300 000 рублёў.

Разгляд справы працягваўся ў судзе Крычаўскага раёна з 11-00 да перапынку на абед  21 кастрычніка, а ў 9-30 22 кастрычніка суддзя Антаніна Качанава зачытала пастанову суда. Яна адразу ж запыталася ў журналістаў “Вольнага горада”, ці будуць яны абскарджваць пастанову суда Крычаўскага раёна ў Магілёўскім абласным судзе і паведаміла, што яны адразу ж могуць яе атрымаць разам з матывіровачнай часткай.

Па словах рэдактара газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага, журналісты газеты будуць абскарджваць пастанову суда Крычаўскага раёна ў Магілёўскім абласным судзе.

“На жаль, цуда не адбылося, хаця пэўныя спадзяванні былі, - кажа Сяргей Няроўны. – Здавалася, што суддзя Антаніна Качанава прымае да ўвагі нашы аргументы. Аднак нешта не дазволіла ёй прыняць іншае рашэнне. Магу канстатаваць, што наступ на свабоду слова ў Крычаўскім раёне працягваецца.

Безумоўна, мы будзем абскарджваць пастанову суда Крычаўскага раёна ў Магілёўскім абласным судзе. Пададзім адпаведную скаргу ў дзесяці дзённы тэрмін, каб зноў не ўзніклі незразумелыя праблемы”.

Нагадаем,  што ў 11-00 24 кастрычніка адбудзецца разгляд яшчэ аднаго пазову супраць газеты “Вольны горад”. Працаўнікі КУП “Чэрыкаўскае ПМК-280” -- штукатур Байгола і столяр Конеў патрабуюць ад журналістаў “Вольнага горада” кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 16 мільёнаў рублёў за выкладзеныя ў артыкуле “З абвяржэннем пачакаем” звесткі.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства