viasna on patreon

Санкцыі ЕС супраць Мінска будуць працягнутыя аўтаматычна

2013 2013-10-21T14:36:03+0300 2013-10-21T14:36:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/rb-eu.jpg

Візавыя і эканамічныя санкцыі ЕС супраць беларускіх уладаў будуць працягнутыя аўтаматычна яшчэ на адзін год, пачынаючы з лістапада.

Гэтак вынікае з раней прапісанага механізму санкцый, які прадугледжвае іх працяг у нязмененай форме, калі не змяняецца сітуацыя з беларускімі палітвязьнямі (няма ні вызвалення, ні рэабілітацыі вязняў) ды з паважаннем уладамі правоў чалавека, законнасці і дэмакратычных прынцыпаў у Беларусі.

З увагі на гэты аўтаматызм працягу санкцый, яны не будуць прадметам абмеркавання на сённяшнім пасяджэнні міністраў замежных справаў ЕС у Люксембургу.

На гэты момант санкцыі дзейнічаюць у дачыненні да 243 асобаў, у тым ліку А.Лукашэнкі і яго старэйшых сыноў, і 32 кампаній, якія належаць набліжаным да яго алігархам.

На мінулым тыдні з заклікам да міністраў замежных справаў ЕС пашырыць і ўзмоцніць эканамічныя санкцыі супраць беларускіх кампаній звярнуўся Нарвежскі Хельсінкскі камітэт. Ліст падпісалі каля дзясятка праваабарончых арганізацый з Еўропы. За працяг санкцый выказалася таксама Рада БНР.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства