Чарговы чыноўнік з усходняй Магілёўшчыны паспрабаваў “наехаць” на ДАІ
Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Крычаўскага райвыканкама Дзмітрый Сердзюкоў напачатку кастрычніка здзейніў парушэнне правілаў дарожнага руху, за што супрацоўнікамі мясцовай ДАІ на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні і накладзены адпаведны штраф.
Аднак буйны чыноўнік мясцовага маштабу вырашыў, што выкананнне беларускага заканадаўства для яго не абавязковае і паспрабаваў “наехаць” на супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі, паведамляе крычаўская незалежная газета “Вольны горад”.
Па інфармацыі журналістаў газеты, супрацоўнікі Крычаўскага ДАІ не паддаліся на ціск раённага чыноўніка і зараз справа разглядаецца пракурорам Крычаўскага раёна.
Газета “Вольны горад” адзначае, што начальнік аддзялення ДАІ Крычаўскага раёна Сяргей Мачульскі заслугоўвае павагі і паважэння за прынцыповасць у пытаннях прыцягнення да адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху раённых начальнікаў.
Нагадаем, што за апошнія месяцы адразу некалькі чыноўнікаў усходняй Магілёўшчыны “вызначыліся” грубымі парушэннямі ПДР. Характэрна, што чыноўнікі адмаўляліся прызнаваць свае парушэнні і пасля спрабавалі арганізоўваць ціск на супрацоўнікаў дзяржаўтаінспекцыі, якія іх затрымлівалі.