Мазырскі праваабаронца сустрэўся з дэпутатамі парламента
15 кастрычніка мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун сустрэўся са старшынёй Пастаяннай камісіі ПП НС РБ “Па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС” Сяргеем Каноплічам (Палеская выбарчая акруга №43) і дэпутатам ПП НС РБ ад Мазырскай выбарчай акругі №42 Мікалаем Расоха. Абвестка аб прыёме грамадзян была загадзя надрукаваная ў мясцовай газеце “Жыццё Палесся”, і праваабаронца запісаўся на прыём.
Акрамя названых дэпутатаў, на сустрэчы прысутнічалі іх памочнікі ў выбарчых акругах, старшыня Мазырскага Савета раённых дэпутатаў Сяргей Гвоздзь, прадстаўнікі ідэалагічнага і юрыдычнага аддзелаў райвыканкама.
«Мяне цікавілі два пытанні. Першае, што робіць ПП НС па ўвядзенню мараторыя на смяротнае пакаранне ў Беларусі. І другое - наконт масавых мерапрыемстваў. Спрабуючы з 2011 года правесці ў Мазыры масавае мерапрыемства, а яго заўжды мясцовыя ўлады забараняюць, я звярнуўся да дэпутатаў з прапановай параіць, як грамадзянам скарыстацца на законных падставах правамі і свабодамі, гарантаванымі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Але дакладнага адказу атрымаць не давялося, ды і парадаў таксама, - каментуе свой візіт да дэпутатаў Уладзімір Целяпун. - Людзей на прыём да дэпутатаў было няшмат. Перада мною зайшлі разам два мужчыны, і праз хвілін 10 яны ўжо і выйшлі. За мной нікога болей не было, таму мне адвялі дастаткова часу, каб і выказаць сваё меркаванне, і паслухаць развагі…»
Праваабаронца падкрэслівае, што не пачуў адказаў на свае пытанні:
«Асноўны сэнс адказу Канопліча на першае пытанне: наша грамадства не гатовае да новага рэферэндуму па адмене смяротнага пакарання. Маўляў, патрэбна вялікая тлумачальная праца. А наконт другога пытання адказ быў такі: калі б людзі жадалі ўдзельнічаць у пікеце, яны б па запрашэнню прыйшлі б і на стадыён “Спартак”… Аднак мой зварот быў зарэгістраваны, і я спадзяюся атрымаць пісьмовы адказ. Дарэчы, калі я звяртаюся да дэпутатаў па-беларуску, то жадаў бы і чуць адказы на гэтай жа дзяржаўнай мове. На што Мікалай Расоха прадэклараваў сваё веданне роднай мовы радкамі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля”. А вось наўпрост выказаць сваё меркаванне ў яго, на жаль, ведаў не хапіла.
Напрыканцы сустрэчы праваабаронца прасіў дэпутатаў звярнуць ўвагу на сітуацыю з Незалежным прафсаюзам на МНПЗ. Больш за 20 год гэты прафсаюз дзейнічае на прадпрыемстве. І ў гэтым яго адметнасць. З прыходам на прадпрыемства новага намесніка генеральнага дырэктара па кадрах і сацыяльнай палітыцы, былога начальніка Мазырскага гарадскога аддзела КДБ Генадзя Цецярука пачаўся ціск як на сам прафсаюзны актыў, так і на шэраговых сябраў. Праз начальнікаў цэхаў, участкаў, майстроў на рабочых і спецыялістаў ідзе ціск, іх пераконваюць, што для пабудовы сваёй кар’еры і атрымання іншых прывілеяў неабходна быць чальцом толькі афіцыйнага прафсаюза.
Таксама дэпутатам былі перададзены інфармацыйныя матэрыялы, відэафільмы супраць смяротнага пакарання, справаздача кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з аглядам вынікаў выбараў у Палату прадстаўнікоў 2012 года і іншыя інфармацыйныя матэрыялы па парушэннях і абароне правоў чалавека ў Беларусі.