Яшчэ адзін раённы начальнік папаўся на парушэнні правілаў дарожнага руху
У Клімавіцкім раёне абмяркоўваюць верагодную адстаўку намесніка старшыні мясцовага райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандра Судзілоўскага.
Як паведамляе незалежная газета “Клімавіцкая інфа-панарама” (№ 14 ад 15 кастрычніка 2013 г.), жыхары Клімавіцкага раёна зараз актыўна абмяркоўваюць інфармацыю аб мяркуемым сыходзе з пасады намесніка старшыні мясцовага райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксандра Судзілоўскага.
Як адзначае газета, афіцыйныя крыніцы на гэты конт ніякай інфармацыі не паведамляюць. З неафіцыйных жа крыніц журналісты даведаліся, што верагоднай прычынай адстаўкі намесніка старшыні Клімавіцкага райвыканкама стаў выпадак, які меў месца на пачатку кастрычніка. Згодна гэтай інфармацыі, супрацоўнікі праваахоўных органаў спынілі Судзілоўскага за парушэнне правіл дарожнага руху. Што пасля гэтага адбылося, дакладна невядома, аднак з’явілася інфармацыя, што высокі раённы чыноўнік павёў сябе не зусім адэкватна. Па інфармацыі “Клімавіцкай інфа-панарамы”, супрацоўнікі праваахоўных органаў не рашыліся браць на сябе адказнасць і затрымліваць высокага раённага чыноўніка, аднак паведамілі аб здарэнні ў вышэй стаячыя інстанцыі. Быцам бы інфармацыя аб здарэнні дайшла да памочніка прэзідэнта Генадзя Лаўранкова, пасля чаго і было прынятае рашэнне, што Аляксандр Судзілоўскі пакіне сваю пасаду ў Клімавіцкім райвыканкаме.
Як адзначаюць журналісты “Клімавіцкай інфа-панарамы”, адсутнасць якой-небудзь афіцыйнай інфармацыі і замоўчванне фактаў з боку раённых уладаў толькі спрыяе распаўсюду самых неверагодных чутак.
Неабходна адзначыць, што прозвішча Аляксандра Судзілоўскага пакуль фігуруе на інтэрнэт-сайце Клімавіцкага райвыканкама ў якасці начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, аднак адтуль знік яго фотаздымак, размешчаны там раней. Няма яго прозвішча і ў пераліку намеснікаў старшыні Клімавіцкага райвыканкама.
Па інфармамацыі нашага карэспандэнта, якую ён атрымаў з неафіцыйных крыніц, у якасці афіцыйнай прычыны адстаўкі Аляксандра Судзілоўскага будзе названа сканчэнне тэрміну дзеяння працоўнага кантракта.
Нагадаем таксама, што у першыя дні кастрычніка супрацоўнікі ДАІ Магілёўскай вобласці затрымалі за здзяйсненне ДТЗ намесніка старшыні Кранапольскага райвыканкама Мікалая Лістападава.