Нобелеўскую прэмію міру атрымала Арганізацыя па забароне хімічнай зброі
11 кастрычніка ў сталіцы Нарвегіі нобелеўскі камітэт абвесціў лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру за 2013 год. Прэстыжную ўзнагароду атрымала Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ), якая напрыканцы верасня зацвердзіла план знішчэння хімічнага арсенала ў Сірыі.
АЗХЗ узнагародзілі за шырокамаштабную працу па ліквідацыі хімічнай зброі ў свеце. Пра гэта сёння заявіў старшыня Нарвежскага Нобелеўскага камітэта, генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ерн Ягланд.
АЗХЗ - міжнародная арганізацыя, створаная пры падтрымцы ААН 29 красавіка 1997 года, пасля ўступлення ў сілу Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі, адкрытай да падпісання ў студзені 1993 года. Сярод галоўных задачаў дзейнасці арганізацыі - забеспячэнне кантролю за выкананнем забароны на выкарыстанне хімічнай зброі, ліквідацыі яе запасаў, садзейнічанне развіццю супрацоўніцтва ў галіне мірнай хіміі, дапамога дзяржавам у забеспячэнні абароны ад хімічнай зброі і забеспячэнне яе нераспаўсюду. Штаб-кватэра Арганізацыі па забароне хімічнай зброі месціцца ў Гаазе.
Нобелеўскай прэмія міру традыцыйна ўручаецца 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, у Осла. Лаўрэат прэміі атрымае грашовае ўзнагароджанне ў памеры аднаго мільёна 250 тысяч даляраў.
Аўтарытэтная міжнародная ўзнагарода прысуджаецца з 1901 года за дасягненні ў галіне ўмацавання міру, гуманітарную дзейнасць. Пасля 1991 года Нарвежскі Нобелеўскі камітэт афіцыйна заявіў, што з гэтага часу яго прыярытэты – спыненне лакальных канфліктаў і войнаў, а таксама абарона правоў чалавека.