Актывіста АГП Дзяніса Рабянка суд прызнаў вінаватым, але… не пакараў
7 кастрычніка ў Калінкавічах завяршыўся суд над актывістам АГП Дзянісам Рабянком. Згодна з пастановай суду, ён прызнаны вінаватым у парушэнні артыкула 9.1 КаАП. Тым не менш, адміністрацыйны працэс у адносінах да яго быў спынены ў сувязі са сканчэннем тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.
Нагадаем, што 13 красавіка на Дзяніса Рабянка напаў сусед і распыліў яму ў вочы газавы балончык. У выніку малады чалавек атрымаў хімічны апёк вачэй, які зафіксавалі ў бальніцы.
Але Калінкавіцкі РАУС узбудзіў справу супраць самога актывіста – яго абвінавацілі ў тым, што нібыта гэта ён збіў суседа. Нягледзячы на скаргі на імя начальніка РАУС і пракурора, справа была перададзеная ў суд.
У чэрвеня суд прызнаў Дзяніса Рабянка вінаватым і пакараў яго штрафам у памеры 10 базавых велічынь. Пасля касацыйнай скаргі актывіста ў Гомельскі абласны суд пастанова раённага суда была адмененая і накіраваная на новы разгляд. Рашэнне суду актывіст называе спрэчным і непаслядоўным. «На працягу ўсяго працэсу суддзя, на першы погляд, спрабавала выправіць усе хібы, на якія ўказаў Гомельскі абласны суд – былі, напрыклад, нарэшце, выкліканыя для допыту ў судзе супрацоўнікі РАУС. Але рабілася гэта толькі фармальна. Яскравае сведчанне таму – апытанне ў судзе фельчаркі хуткай дапамогі і доктара. Яны, дарэчы, пацвердзілі наяўнасць у мяне цялесных пашкоджанняў і тое, што я проста фізічна не мог здзейсніць нейкіх дзеянняў супраць суседа, бо я нават вочы не мог адчыніць. Суддзя задае пытанні, нешта ўдакладняе, а потым зачытвае пастанову, якая ўжо аддрукаваная і, значыць, была падрыхтаваная загадзя. У чым сэнс такіх паседжанняў?», - пракаментаваў Дзяніс Рабянок.
Ён не лічыць сябе вінаватым. «З майго боку ёсць двое сведак, якія пацвярджаюць тое, што менавіта я стаў ахвярай і ніякіх удараў суседу не наносіў. Эксперт у судзе пацвердзіў, што зафіксаваныя ў пацярпелага цялесныя пашкоджанні маглі з’явіцца, як да, так і пасля 13 красавіка. Абласны суд падчас адмены папярэдняга рашэння раённага суда зрабіў заўвагу, што суддзя не патлумачыў, чаму прымае на веру паказанні адных сведак (дакладней – сведкі з боку абвінавачвання) і не прымае паказанні іншых (з боку абароны). Як сведчыць апошняе паседжанне, пастанова таксама не дае адказу на гэта важнейшае пытанне», - дадае актывіст.
Пасля атрымання судовай пастановы ён будзе вырашаць, ці абскарджваць яе ў абласным судзе.