Паўгады спатрэбілася, каб інваліду Ігару Леўчанку вярнулі электрычнасць
Інвалід 3 групы Ігар Леўчанка праз паўгады знаходжання без электрычнасці нарэшце атрымаў святло. Паўгады таму нехта невядомы (так запэўнівала кіраўніцтва Белаазёрскага ЖКГ) адключыў інваліду святло. А падключыць ЖКГ адмаўлялася за доўг, які меў Леўчанка за камунальныя паслугі. Доўг у 900 тысяч сабраўся, пакуль Леўчанка знаходзіўся ў бальніцы. Інвалід не адмаўляўся ад выплаты доўгу, але пры пенсіі каля мільёна рублёў не мог яго пагасіць адразу. Трэба было аплочваць і бягучыя плацяжы, і лекі, і есці нешта. Хаця, па рэкамендацыі ўрачоў, ён павінен быў харчавацца добра.
Але дырэкцыя ЖКГ была няўмольнай, нягледзячы на тое, што лекі інваліда трэба трымаць толькі ў халадзільніку.
Калі Леўчанка пагасіў асноўны доўг і своечасова аплачвае цякучыя плацяжы, падключыць электрычнасць усё роўна адмовіліся, таму што не была пагашана пеня ў памеры 500 тысяч рублёў. Ігар Леўчанка - хворы на рассеяны склероз – прасіў дырэктара ЖКГ Ігара Саліту спісаць пеню, але той катэгарычна адмовіўся.
Інвалід папрасіў дапамогі ў журналіста-праваабаронцы Тамары Шчапёткінай і актывіста кампаніі “Гавары праўзду” Валянціна Лазарэнкава.
Пры размове са Шчапёткінай дырэктара ЖКГ Саліта абвінаваціў яе ў тым, што Леўчанка пры яе дапамозе не плаціць доўг, таму электрычнасці не атрымае. Хаця, дарэчы, доўгу за электрычнасць у Леўчанка не было наогул.
Тым не менш, дырэктар раптоўна памяняў рашэнне.