Гарадзенскія праваабаронцы працягваюць змагацца за канстытуцыйныя правы
Гарадзенскія праваабаронцы Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель падалі скаргу ў Гарадзенскі абласны суд на рашэнне суда Ленінскага раёну Гародні. 23 верасня суддзя Ленінскага раённага суду Жана Краўчанка ў выніку разгляду скаргі праваабаронцаў на рашэнне гарвыканкаму забараніць правядзенне 4 жніўня пікет у падтрымку зняволенага Алеся Бяляцкага, сваёй пастановай вызначыла, што дзеянні мясцовай улады былі законнымі.
Праваабаронцы не згодныя з такім выракам суду, паколькі лічаць, што іх канстытуцыйныя правы былі выразна парушаныя, гарвыканкамам таксама быў парушаны закон “Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь” у той частцы, дзе вызначаны тэрмін давання афіцыйнага адказу. На судовым працэсе прадстаўніца юрыдычнага аддзелу Гарадзенскага гарвыканкаму не змагла адказаць і на пытанне – хто і калі прыняў рашэнне пра забарону пікету. Аднак і суддзя і пракурор у час разгляду скаргі праігнаравалі ўсе аргументы заяўнікаў.
Акрамя таго, праваабаронцы лічаць, што суддзя Жана Краўчанка, адхіліўшы хадайніцтва занатоўваць у судовы пратакол іх словы на беларускай мове, парушыла працэсуальныя нормы. Па-сутнасці яна ўпаўнаважыла судовага сакратара на пераклад паказанняў удзельнікаў працэсу, на што не мела права.
Праваабаронцы спадзяваліся, што ў выніку разгляду іх скаргі будзе прынамсі вызначаны тэарэтычны механізм таго – якім чынам можна выканаць усе патрабаванні заканадаўства і атрымаць дазвол на правядзенне пікету. Аднак, гэтага не здарылася.
Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч і Раман Юргель па-ранейшаму перакананыя, што гарвыканкам кіраваўся выключна палітычнымі матывамі, а значыць прыняў незаконнае рашэнне пра забарону пікету.