viasna on patreon

Свабода інтэрнэту ў Беларусі: паміж ААЭ і Пакістанам

2013 2013-10-03T11:23:04+0300 2013-10-03T11:23:04+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kantrol_internet.jpg

Беларусь уваходзіць у групу краінаў, у якіх карыстаньне інтэрнэтам несвабоднае.

Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House.

Аўтары дакладу заяўляюць, што Беларусь выкарыстоўвае такую самую сыстэму маніторынгу і кантролю за інтэрнэтам, як і Расея. Гэтая сыстэма завецца СОРМ. Яе таксама выкарыстоўваюць улады Ўзбэкістану, Кіргізстану, Казахстану і Ўкраіны.

У новым дакладзе гаворыцца, што з 60 краін, якія дасьледаваліся сёлета, 29 блякавалі альбо фільтравалі кантэнт палітычнага і сацыяльнага характару.

Індэкс свабоды інтэрнэту ў Беларусі ў 2013-м годзе — 67. Наша краіна суседнічае з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі і Пакістанам.

З колішніх савецкіх рэспублік горшую за Беларусь пазыцыю мае толькі Ўзбэкістан — 78.

Найбольш свабоднымі ў 2013-м прызнаныя: Ісьляндыя, Эстонія, Нямеччына, ЗША і Аўстралія.

Параўнаньне сытуацыі ў 60 краінах, якія дасьледаваліся сёлета (0 — найбольш свабодныя, 100 — найменш свабодныя)

Параўнаньне сытуацыі ў 60 краінах, якія дасьледаваліся сёлета (0 — найбольш свабодныя, 100 — найменш свабодныя)

Заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер: «Такая ацэнка, на маю думку, тычыцца не свабоды інтэрнэту, а агульнай сытуацыі ў краіне. Усё гэта наагул ня мае дачыненьня да інтэрнэту. Гэта разглядаецца ў кантэксьце агульнай грамадзка-палітычнай сытуацыі. Розьніца паміж нашым байнэтам і Ўкраінай зусім невялікая. І наагул, мы ня ведаем мэтодыкі, паводле якой гэтая свабода вызначаецца. Я наагул больш давяраю сваім вачам, чым усялякім рэйтынгам».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі: «З аднаго боку, Беларусь, вядома, нельга параўноўваць, да прыкладу, з Іранам ці Паўночнай Карэяй — інтэрнэт у нас значна вальнейшы.

Зь іншага боку, беларускія ўлады маюць, так бы мовіць, рэпрэсіўны арсэнал: усім вядомы прэзыдэнцкі ўказ № 60, веер іншых пастановаў, з дапамогай якіх у любы момант можна „закруціць гайкі“. Ёсьць так званы чорны сьпіс сайтаў, доступ да якіх заблякаваны ў дзяржаўных і навучальных установах. Да прыкладу, „Хартыя-97“, „Беларускі партызан“ ды іншыя. Але гэта частковае, няпоўнае блякаваньне. Гэтыя сайты лёгка адкрываюцца праз мабільныя прылады ці на хатнім кампутары.

Улада вынайшла арыгінальны варыянт: можна нічога не забараняць і не спыняць, але калі трэба, знайсьці ўправу на асабліва сьмелых, як было падчас „маўклівых акцыяў пратэсту“, да якіх заклікалі праз сацыяльныя сеткі. Людзей „вылічвалі“ кампэтэнтныя органы, прыходзілі да іх дадому, канфіскоўвалі аргтэхніку, затрымлівалі».

Экспэрт у сфэры мэдыяў Паўлюк Быкоўскі: «Па-першае, у Беларусі ёсьць нарматыўныя акты, якія абмяжоўваюць свабоду ў інтэрнэце — той жа самы ўказ № 60. У дзяржаўных установах, ВНУ заблякаваны доступ да непажаданых сайтаў. З другога боку, ёсьць жорсткія патрабаваньні: кантэнт павінен знаходзіцца толькі на беларускім хостынгу. Ну, у астатнім — можна толькі здагадвацца, якія яшчэ крытэры ўлічвалі экспэрты, якія складалі гэты рэйтынг».


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства