Затрыманы генеральны дырэктар ААТ “Крычаўцаменташыфер” па-ранейшаму знаходзіцца на “Дошцы гонару”
Партрэт затрыманага ў сярэдзіне мінулага месяца па падазрэнні ў крадзяжы грашовых сродкаў у памеры 40 мільёнаў рублёў генеральнага дырэктара ААТ “Крычаўцаменташыфер” Леаніда Скоцкага па-ранейшаму “упрыгожвае” “Дошку гонару” Крычаўскага раёна.
Пра гэта паведаміла ў апошнім нумары крычаўская незалежная газета “Вольны горад”.
Як паведамляла БелТА, Леанід Скоцкі спрабаваў прысвоіць 40 мільёнаў рублёў, выдадзеных працаўнікам прадпрыемства ў якасці прэміі "за эканомію паліўна-энергетычных рэсурсаў” у першым паўгоддзі 2013 года. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі МУС і КДБ пры перадачы грошай, Следчы камітэт распачаў супраць яго крымінальную справу па частцы 3 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса — крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры. Зараз генеральны дырэктар ААТ “Крычаўцэменташыфер” знаходзіцца ў следчым ізалятары Магілёва.
Раней Леанід Скоцкі працаваў намеснікам старшыні Крычаўскага райвыканкама, на момант арышту ён таксама з’яўляўся членам Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта. У 2012 годзе Леанід Скоцкі быў прызнаны “Чалавекам года” Крычаўскага раёна.
Між тым, журналісты крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” раней неаднаразова засяроджвалі ўвагу на непрыстойных справах чыноўніка, аднак да іх меркаванняў улады прыслухоўвацца не пажадалі.
“Аб справах Леаніда Скоцкага мы пісалі яшчэ тады, калі ён быў начальнікам ДЭУ-198 і быў замяшаны ў продажы асфальту камерсантам пры будаўніцтве аўтастаянкі каля крамы “Эльдарада”, - распавядае журналіст газеты “Вольны горад” Мікалай Гердзій. – У рангу намесніка старшыні райвыканкама ён заключыў дамову на ўсталяванне аконных блокаў з мінскай камерцыйнай фірмай, якая потым знікла, а 80 мільёнаў бюджэтных грошай так, здаецца, і не знайшлі.
Працуючы ў Крычаўскім раёне на розных пасадах, Леанід Скоцкі нідзе не праявіў сябе ні як будаўнік, ні як кіраўнік. У 2012 годзе “Вольны горад” неаднаразова распавядаў пра тое, як Леанід Скоцкі на пасадзе генеральнага дырэктара адбудоўваў дом па вуліцы Берагавой у Крычаве з выкарыстаннем працы работнікаў і матэрыялаў прадпрыемства, плоцячы за гэта “капейкі” у параўнанні з рэальным коштам. Аднак да незалежных журналістаў улады прыслухоўвацца не жадалі”.