Іван Шыла: Будзем казаць пра палітвязняў, пра свабоду СМІ, правы чалавека, непразрыстыя выбары
Два тыдні таму Малады Фронт абвесціў пра свой удзел у мясцовых выбарах 2014 года. Асноўныя свае сілы маладзёны збіраюцца накіраваць на маштабную кампанію ў Салігорску. З гэтай нагоды -- гутарка з намеснікам старшыні МФ, салігорцам Іванам Шылам.
- Удзел у выбарах у нашай краіне звязаны з пэўнымі праблемамі для апазіцыйных прадстаўнікоў. Улады часта спрабуюць ціснуць на такіх кандыдатаў і сяброў іх ініцыятыўных груп. Ці гатовы вы да такой сітуацыі?
- Перадусім, хачу зазначыць, што лічу гэта ў значнай ступені перабольшваннем. Безумоўна, канфліктныя сітуацыі могуць узнікаць, але мы не разлічваем на іх сапраўдную маштабнасць. Да таго ж людзі, якія прымуць рашэнне ўдзельнічаць у кампаніі, будуць усведамляць магчымасць пэўнага ціску з боку ўладаў і ўлічваць звязаныя з гэтым рызыкі. Але, паўтаруся, не трэба драматызаваць сітуацыю. Праблем менш, чым падаецца.
- Тым не менш, у вашай камандзе будзе, відавочна, шмат новых людзей, не заўсёды падрыхтаваных да нейкіх рэпрэсіўных захадаў з боку ўладаў. Як-небудзь плануеце іх да гэтага падрыхтаваць і, па магчымасьці, абараніць у такіх выпадках?
- Я спадзяюся, што наша масавасць, а таксама ўвага грамадскасці і СМІ да кампаніі будуць стрымліваючым фактарам для ўладаў. Калі дойдзе да рэпрэсіўных захадаў, будзем звяртацца да праваабаронцаў. Перадухіліць нешта на сто адсоткаў у Беларусі можна толькі “няўдзелам”, але гэта не наш варыянт. Калі штосці адбудзецца, пэўныя варыянты дапамогі заўжды існуюць, перадусім юрыдычнай.
- Як-небудзь плануеце забяспечваць празрыстасць і дэмакратычнасць выбарчага працэсу і непасрэдна моманту галасаваньня?
- Мы збіраемся выстаўляць назіральнікаў. Тут нам дапамогуць актывісты кампаніі “Права выбару”, якая аб’яднае менавіта кандыдатаў і сяброў іх камандаў. Плануецца назіранне і праваабаронцаў. Ёсць жаданне зладзіць паралельны падлік галасоў. Таму будзем імкнуцца зрабіць усё.
- Пра што будзеце размаўляць з выбарцамі? Усё ж выбары мясцовыя і маюць сваю спецыфіку.
- Я не думаю, што ў сённяшняй сітуацыі мы будзем гуляць у “апалітычных кандыдатаў”, якія будуць казаць выключна пра рамонт дарожак ці будову дзіцячых пляцовак. Гэта палітычная кампанія, мы - Малады Фронт, і казаць пра агульныя праблемы ў краіне абсалютна нармальна і дарэчна. А агульныя праблемы гэта, у тым ліку, і наяўнасць палітычных вязняў, свабода СМІ, правы чалавека, непразрыстыя выбары.
Фота Андрэя Тычыны