viasna on patreon

Шклоўскі раён: “Дні цвярозасці” не ўплываюць на ўзровень злачыннасці

2013 2013-09-26T12:56:15+0300 2013-09-26T12:56:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/milicyja-kajdanki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Шклоўскім раёне ў 2013 годзе значна ўзрос узровень злачыннасці. Як паведамляе раённая газета “Ударны фронт” (№75 ад 25 верасня), на мінулым тыдні адбылося адмысловае паседжанне Шклоўскага райвыканкама, асноўным пытаннем якога была праца суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні забойстваў і цяжкіх цялесных пашкоджанняў на тэрыторыі Шклоўскага раёна.

Падчас паседжання пракурор Шклоўскага раёна Дзмітрый Лянчэўскі адзначыў, што ў 2013 годзе колькасць зарэгістраваных злачынстваў у зрасла  с 251 да 318, а ўзровень злачыннасці на 10000 насельніцтва склаў 103,6. Узрасла колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў з 25 да 45, а таксама не прадстаўляючых вялікай грамадскай небяспекі – з 30 да 88. Асаблівую занепакоенасць выклікае рост забойстваў з 1 да 4, наўмысных цялесных пашкоджанняў з 2 да 6.

Па меркаванні пракурора, адной з асноўных прычын і ўмоў здзяйснення дадзенага віда злачынстваў з’яўляецца неналежная праца суб’ектаў прафілактыкі і ўзровень праведзеных мерапрыемстваў, накіраваныхна агульную і індывідуальную прафілактыку правапарушэнняў.

На думку часова выконваючага абавязкі па пасадзе начальніка Шклоўскага РАУС Вячаслава Крылова, прынятыя меры не дазволілі дамагчыся важкіх вынікаў у пераадоленні негатыўных тэндэнцый пры фарміраванні крымінагеннай сітуацыі, а таксама ў забеспячэнні належнага стану грамадскай бяспекі ў Шклоўскім раёне.

Намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка адзначыў, што ў мэтах паляпшэння склаўшайся сітуацыі, неабходна прымяняць меры  па абмежаванні гандлю спіртовымі напоямі, распрацаваць план па іх рэалізацыі, працягнуць практыку правядзення Дзён цвярозасці.

Нагадаем, што летам мінулага года ў Шклоўскім раёне на тэрыторыі Гарадзішчанскага сельсавета ужо стваралася “Зона цвярозасці”. Акрамя таго, райвыканкам забараняў рэалізацыю алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў кафэ аграгарадкоў Гарадзішча, Фашчаўка, Славені, Стараселле, Гавяды, а таксама ў кафэ “Стары горад” у Шклове. Абмежаванні дзейнічалі з 21-00 у перадсвяточныя, святочныя, перадвыходныя і выходныя дні. Таксама ў Шклоўскім раёне рэгулярна праводзіліся Дні цвярозасці, аднак нейкая станоўчага эфекту ўсе гэтыя мерапрыемствы не далі. Набольшая колькасць злачынстваў у 2013 годзе зарэгістраваная якраз на тэрыторыях Гарадзішчанскага і Каменалаўскага сельсаветаў: 27 і 22 адпаведна.

Пра нейкі эфект Дзён цвярозасці ў барацьбе са злачыннасцю таксама казаць не даводзіцца, крымінальная абстаноўка ў Шклоўскім раёне ў гэтым годзе вельмі значна пагоршылася.

Выдавец газеты “Шклоў-інфо”, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі лічыць, што ў склаўшайся крытычнай сітуацыі з ростам злачыннасці ў Шклоўскім раёне вялікая віна саміх мясцовых ўладаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

“У нашым раёне адбываюцца падзеі, годныя кнігі рэкордаў Гінэса, - выказвае меркаванне Пётр Мігурскі. – На працягу дзесяці гадоў тры кіраўніка мясцовага жылкамгаса пабывалі за кратамі, перыядычна вяртаючыся на свае пасады. У кнігу рэкордаў Гінэса могуць прэтэндаваць і памеры крадзяжоў у цэлым не самага вялікага па плошчы і аб’ёмам вытворчасці раёне – за апошнія гады службовымі асобамі раскрадзена больш за 20 мільярдаў рублёў.  Людзі ўсё гэта бачаць і пачынаюць браць прыклад з кіраўніцтва. Статыстычна ў Шклоўскім раёне ўзровень беспрацоўя (0,3% ад узроўня эканамічна актыўнага насельніцтва) адзін з самых нізкіх у Беларусі. Рэальна ж вялікая частка насельніцтва раёна гібее ў жабрацтве, а заробак даўно ўжо не змяшчае стымулюючага пачатку. На маю думку, міліцыя таксама вельмі значна недапрацоўвае ў кірунку папярэджання правапарушэнняў і злачынстваў. Вось і расце ўзровень злачыннасці.

Усе гэтыя фактары і прывялі да таго, што ўзровень злачыннасці ў Шклоўскім раёне за справаздачны перыяд вырас на 26,7%, а колькасць цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў – на 80%. Яшчэ больш уражлівы рост злачынстваў, не ўтрымліваючых вялікай грамадскай небяспекі – у 2,9 разы. У 3 разы павялічалася колькасць цяжкіх цялесных пашкоджанняў, і ў 4 разы – забойстваў”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства