viasna on patreon

Віцебская міжгарнізонная ваенная пракуратура распачала крымінальную справу за нестатутныя адносіны

2007 2007-04-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Крымінальная справа распачатая ў адносінах да малодшага сержанта 103-й аддзельнай мабільнай брыгады, які так збіў свайго аднагодка-шэрагоўца, што таму ў лякарні выдалілі селязёнку.

У войска пацярпелы хлопец ўжо не вернецца. Яго крыўдзіцелю калі і давядзецца служыць, то ў дысціплінарным батальёне. 103-я мабільная брыгада, якая дыслакуецца ў Віцебску, лічыцца элітным падраздзяленнем.

Практычна ва ўсіх публічных выступленнях камандаванне брыгады падкрэслівае, што прызыўнікоў сюды адбіраюць не толькі па фізічных паказчыках, але і па маральных якасцях. Жаўнеры са 103-й брыгады неаднаразова прадухілялі злачынствы, ратавалі тапельцаў, затрымлівалі парушальнікаў. Але і сярод элітнага войску, як высветлілася, практыкуюцца нестатутныя адносіны.

Дарэчы, пацярпелы працяглы час не прызнаваўся, што яго збілі. Вінаватага пасля праверкі вызначылі ваенная пракуратура і аддзел ваеннай контрразведкі Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

За што малодшы сяржант збіў жаўнера, афіцыйныя органы пакуль сказаць не могуць. Як распавялі ў Віцебскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры, следства будзе ісці да 1 чэрвеня. Акрамя таго, следчым неабходна дачакацца, калі скончыцца лячэнне пацярпелага хлопца, каб правесці экспертызу стану яго здароў’я.

Малодшы сяржант праслужыў у войску на паўгады даўжэй, чым яго ахвяра. Ён – жыхар Магілёва, а пацярпелы – з Мінскай вобласці. У прыватнай размове адзін з вайскоўцаў распавёў, што ў брыгадзе абмяркоўваюць две версіі здарэння. Паводле адной з іх, малодшы сержант ударыў шэрагоўца нагой, калі той выконваў фізічныя практыкаванні, за тое, што ён нібыта дрэнна адціскаецца. Паводле іншай версіі, жаўнер адмовіўся даваць грошы “на цыгарэты” стараслужачым.

Дарэчы, у 2002 годзе у 103-й мабільнай брыгадзе быў падобны выпадак. Тады хлопцу, якога збілі саслужыўцы, таксама выдалілі селязёнку. Іншыя зарэгістраваныя выпадкі нестатутных адносінаў у элітнай брыгадзе за апошнія пяць год былі не такімі сур’ёзнымі.

У брыгадзе адмаўляюцца ад каментарыяў па дадзеным факце, спасылаючыся на загад Міністэрства абароны. Але адзначаюць, што пасля здарэння сярод вайскоўцаў праводзяцца дадатковыя выхаваўчыя мерапрыемствы.

BelRadio.fm / pahonia.promedia.by

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства