Бярозаўскі раён: санкцыя пракурора – толькі ў адносінах да самага актыўнага
З 17 вёсак, дзе павінны былі вынішчыць свіней, толькі да аднаго нязгоднага Валерыя Білібухі прыйшлі ветэрынарныя работнікі сельгасупраўлення Ірына Сычык і Андрэй Якімчук з санкцыяй пракурора Данілы Дзярабіна шукаць свіней у хлявах з мэтай “знайсці ў хлявах сляды адміністрацыйнага правапарушэння”.
Валера Білібуха актыўна супраціўляецца незаконнаму вынішчэнню здаровых свіней на прыватных падворках. Па–першае, няма эпідэміі афрыканскай чумы ў Брэсцкай вобласці. Па-другое, Бярозаўскі раён не ўвайшоў у пералік раёнаў, дзе павінна быць абавязковае вынішчэнне свінога пагалоўя. Па-трэцяе, актывіст лічыць рашэнне Бярозаўскага райвыканкама і прадпісанне Бярозаўскай ветэрынарнай станцыі незаконнымі толькі ўжо таму, што яны не былі апублікаваны ў сродках масавай інфармацыі, з чым пагадзіўся і пракурор на сустрэчы з жыхарамі. Вось толькі на якой падставе ён даў санкцыю, так і не змог адказаць.
Яшчэ пракурор сказаў, што не ўсе пытанні ён можа вырашаць і кантраляваць. Напрыклад, па яго словах, рашэнні райвыканкама можа адмяніць толькі аблвыканкам і г.д. Скаргі людзей, у якіх людзі прасілі даць прававую ацэнку дзеянням улады, якая запатрабавала вынішчыць свіней за 10 дзён у жніўні, палохаючы вялікімі штрафамі і падпадзеннем пад крымінальны артыкул. Гэтыя скаргі пракурор накіраваў выконваючаму абавязкі кіраўніка сельгасупраўлення ветэрынару Аляксею Жоўцікаву.
Як сказаў адзін з жыхароў раёну Анатоль Сахаруша, пракурор не хоча ўмешвацца ў тое, што нарабіла бярозаўская ўлада, бо залежны ад яе.
Валеры Білібуха будзе абскарджваць санкцыю пракурора Бярозаўскага раёна ў абласной пракуратуры.