У Баранавічах міліцэйскія кадры збягаюць
Дзеля забеспячэння грамадскага парадаку ў Баранавічах з 1 кастрычніка патруляваць гарадскія вуліцы пачне рота патрульна-паставой службы ўнутраных войскаў.
У горадзе цяпер востра адчуваецца недахоп патрульна-паставых міліцыянераў. У цяперашні час у склад патрульна-паставой службы міліцыі ўваходзяць 70 супрацоўнікаў, а для поўнай камплектацыі неабходна яшчэ 12.
– Цяпер з Баранавічаў не толькі рабочыя і спецыялісты ўцякаюць у Расію за больш доўгім рублём, але і супрацоўнікі праваахоўных органаў. У нас вельмі шмат чыноўнікаў-бюракратаў у пагонах, якія пільна сочаць за прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Але відавочна, што цяпер дакладна не хапае тых супрацоўнікаў міліцыі, хто канкрэтна змагаецца са злачынствам і забяспечвае парадак на вуліцах горада, – паведаміў супрацоўнік міліцыі, які пажадаў застацца невядомым.