Адміністрацыйны ціск прымусіў гомельскага актывіста Мікалая Калюку адазваць свой подпіс пад заяўкай на “чарнобыльскі” пікет
У выніку адміністрацыйнага ціску гомельскі актывіст Мікалай Калюка адазваў свой подпіс пад заяўкай на пікет, які плянуецца правесьці 26 красавіка.
Як паведаміў Радыё Рацыі сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Калюка, ціск на працы распачаўся адразу пасьля падачы заяўкі. Так, пастаянна тэлефанавалі з вышэйшай інстанцыі намесьніку дырэктара па ідэалёгіі і прасілі, каб падначалены Калюка зьняў свой подпіс. Таксама, паведамляе актывіст, тэлефанавалі і дахаты з настойлівай рэкамэндацыяй адазваць подпіс пад заяўкай. У выніку актывіст аднёс заяву начальніку ўпраўленьня ідэалёгіі Гомельскага аблвыканкама Кацілу, у якой пазначыў, што адмаўляецца быць ініцыятарам чарнобыльскага пікету.
Даведаўшыся пра падрабязнасьці справы зь Мікалаем Калюкам, завадатарка пікету 26 красавіка Марыя Багдановіч наведала асабіста начальніка ідэалёгіі. Пры сустрэчы жанчына паведаміла Кацілу, што ў яго не атрымаецца сарваць мерапрыемства нават пры ўмове, што ў ліку заяўнікаў яна застанецца адна. Паводле Багдановіч, у адказ на абвінавачваньне Каціла цалкам абверг сваё дачыненьне да ціску на Калюку. Апроч таго, галоўны ідэоляг адправіў актывістку да намесьніка старшыні гарвыканкаму Сяргея Парошына. Маўляў, той зможа адказаць на ўсе пытаньні.