viasna on patreon

Улады здымаюць фільм пра Плошчу-2010

2013 2013-09-09T12:31:46+0300 2013-09-09T12:31:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2010ploszcza2.jpg

8 верасьня Андрэй Курэйчык апублікаваў у сваім фэйсбуку інфармацыю, што Адміністрацыя Лукашэнкі і Міністэрства культуры пачалі працу над кінафільмам пра Плошчу, які мае стаць «афіцыйным адказам на фільм «Жыве Беларусь!» Кшыштафа Лукашэвіча і Францішка Вячоркі:

«Новы нацыянальны кінапраект закліканы распавесьці гісторыю Плошчы сьнежня 2010 г. „аб’ектыўна“, гэта значыць, з пазыцыі беларускіх уладаў, а таксама ў мастацкай форме раскрыць „анатомію беларускага пратэсту“. Ён наўпрост курыруецца адміністрацыяй Лукашэнкі і атрымае адзін з самых вялікіх бюджэтаў у гісторыі айчыннага кінематографу», — піша Андрэй Курэйчык.

Паводле Курэйчыка, новы нацыянальны кінапраект павінен разбурыць «стэрэатыпы» міжнароднай грамадзкасьці аб уладах Беларусі і выбарах 2010 года, паказаць «як усё было на самой справе», праз кранальную чалавечую гісторыю каханьня. Як і з «Жыве Беларусь», плянуецца самая шырокая прысутнасьць фільму на міжнародных кінафэстывалях, — піша Андрэй Курэйчык.


«Выбар рэалізатарам нацыянальнага кінапраекту не дзяржаўнай кінастудыі «Беларусьфільм», а бізнэсоўца Сяргея Ждановіча невыпадковы: ён даўні функцыянэр рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь», — сьцьвярджае Курэйчык. Паводле драматурга, рэжысэрам карціны стане аўтар «Берасьцейскай крэпасьці», расейскі рэжысэр Аляксандар Котт.

Кіраўнік прадусарскага цэнтру «Nonstop MEDIA» і прадусар Сяргей Ждановіч пацьвердзіў Радыё Свабода, што такі праект сапраўды ажыцьцяўляецца супольна зь Міністэрствам культуры. Але падзеям у Менску канца 2010 года будзе прысьвечаны толькі адзін з фрагмэнтаў фільму.

«Фільм будзе называцца „Авель“. Гэта гісторыя двух братоў, як у біблейскім сюжэце, і нешта паміж імі адбылося. Дзеяньне пачынаецца ў 30-х і заканчваецца цяпер. Так, там будзе паказаная Плошча, але мы не займаем ніякага боку. Мы хочам паказаць гісторыю, як яна была. Былі сьцягі на плошчы — дык чаму не паказаць іх у фільме? Які гэта быў пратэст? Навошта? Дзеля чаго? Што адбывалася ў Тунісе, Эгіпце?.. Але мы ня будзем даваць ацэнку».

Сяргей Ждановіч адмаўляе, што фільм зьвязаны са стужкай «Жыве Беларусь!»: 

«Фільм „Жыве Беларусь!“ — паказвае толькі адзін бок, і я не кажу, добры ён ці кепскі. А наш фільм не займае нейкую пазыцыю, а паказвае гісторыю».

Сяргей Ждановіч паскардзіўся Радыё Свабода, што незалежныя мэдыі надта палітызуюць праект:

«Вось я чытаю ў камэнтарах, маўляў, буду ўпіхваць фільм школьнікам. Я адразу кажу, што мы хочам зрабіць праект камэрцыйна пасьпяховым, і ён пойдзе найперш за межы Беларусі»

Рэжысэр фільму «Жыве Беларусь» Кшыштаф Лукашэвіч заявіў, што гэты кінапраект — сапраўды найразумнейшае, што маглі зрабіць улады Беларусі для паляпшэньня свайго іміджу:

«Гэта можа быць спроба творчай прапаганды. Улады Беларусі пры добрым бюджэце могуць зьняць якасны фільм на экспарт, які ня будзе выглядаць прапагандысцкім, але пакажа іхнюю афіцыйную вэрсію падзеяў, якія адбываліся і адбываюцца ў Вас у краіне. Мэта — схаваць праўду, паказаць рэчаіснасьць, як гэта выгадна ўладам, і, магчыма, заглушыць фільм „Жыве Беларусь“. Несумненна, яны будуць рабіць фільм мастацкі, не прапагандысцкі, бо інакш ён проста ня трапіць на замежныя фэстывалі».

Сусцэнарыст і другі рэжысэр фільму «Жыве Беларусь!» Франак Вячорка ня верыць, што з гэтага праекту атрымаецца пасьпяховы фільм:

«Я чуў пра гэты праект паўгоду таму ад Сяргея Ждановіча, на Канскім кінафэстывалі. Ён казаў, што падзеі Плошчы і вакол яе — стануць часткай сюжэту для яго новага фільму. Але паколькі ў праекце ўдзельнічае ўрад, які, натуральна, будзе кантраляваць кожны крок, мала шанцаў што атрымаецца якасны мастацкі фільм. Упэўнены, тэма Плошчы ў фільме зьявілася невыпадкова, і тыя падзеі пакажуць так, як трэба ўладам».

У панядзелак Сяргей Ждановіч ляціць у ЗША на перамовы аб магчымым удзеле ў здымках галівудзкай зоркі клясы «А» ды іншых вядомых актораў. Здымкі пачнуцца ў 2014 годзе і адбудуцца ў ЗША, Германіі, Расеі і Беларусі. Бюджэт складзе 2 млн даляраў ЗША

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства