Дырэктар дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Брэст” падала ў суд на падначаленых
У суд Ленінскага раёну Берасьця трапіў пазоў ад імя дырэктара тэлерадыёкампаніі “Брэст” Ларысы Дабрадомавай. У сваёй заяве спадарыня Дабрадамова, якая адначасова ёсьць дэпутаткай гарадзкога савету, просіць абараніць гонар і дзелавую рэпутацыю, якія нібыта былі падарваныя скаргамі супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі ў розныя ўстановы.
У сваіх скаргах цяпер ужо былыя супрацоўнікі (яны былі звольненыя на загад Ларысы Дабрадомавай) сьцьвярджалі, што паводле сваіх дзелавых здольнасьцяў і асабістых паводзінаў кіраўніца дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі не адпавядае займанай пасадзе.
Спадарыня Дабрадомава жадае праз суд абвергнуць гэтыя зьвесткі і спагнаць з чатырох сваіх былых падначаленых 50 мільёнаў рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.
Як паведамляе Радыё Свабода, судовае паседжаньне прызначанае на 24 красавіка.