viasna on patreon

Журналіста, які пісаў пра Паснова, выклікаюць у пракуратуру

2013 2013-08-28T13:26:46+0300 2013-08-28T13:26:46+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ihar-pastnou.jpg
Доктар Ігар Пастноў

Доктар Ігар Пастноў

Позву ў Віцебскую абласную пракуратуру атрымаў незалежны журналіст Уладзімер Жыгулоў.

У ягоных матэрыялах ня раз прадстаўляліся крытычныя меркаваньні віцебскага лекара, якому прысудзілі прымусовае лячэньне ў абласным псыхіятрычным шпіталі. Калі ж спадар Жыгулоў зьвярнуўся да галоўнага лекара шпіталя Алены Мартынавай, прапанаваўшы зрабіць зь ёй інтэрвію для газэты «Витебский курьер», тая спачатку пагадзілася, але ў апошні момант адмовілася, апавёў Уладзімер Жыгулоў:

«Я ёй сказаў, што газэта гатовая даць ёй слова — каб крытыка лекарам Ігарам Пасновым віцебскіх мэдустановаў не была аднабаковай. Ігар Пасноў ня раз крытыкаваў мясцовую сыстэму аховы здароўя і, у прыватнасьці, дзейнасьць псыхіятрычнай службы. Ён сам працаваў лекарам пад кіраўніцтвам Алены Мартынавай у псыхіятрычным шпіталі, але на той час, як я зьвярнуўся да спадарыні Мартынавай, яго ўжо зьмясьцілі сюды ж, у 2-е псыхіятрычнае аддзяленьне ў якасьці пацыента, „са згоды пракурора“. Я хацеў, каб яна пракамэнтавала і гэты інцыдэнт. Спадарыня Мартынава спачатку пагадзілася са мной размаўляць, але потым некалькі разоў пераносіла сустрэчу, спасылаючыся на занятасьць. Урэшце мне патэлефанавала яе сакратарка, прызначыла час сустрэчы, але гутарка так і не адбылася».

Паводле Ўладзімера Жыгулова, галоўны лекар псыхіятрычнага шпіталя зноў сказала, што занятая. А на сустрэчу з журналістам адправіла свайго намесьніка. Але той размаўляць з Уладзімерам Жыгуловым адмовіўся, калі даведаўся, для якога выданьня рыхтуецца матэрыял. Журналісту было заяўлена, што «Витебский курьер» не зарэгістраваны ў Беларусі, і на гэтым гутарка скончылася.

Уладзімер Жыгулоў ня ведае, навошта яго выклікаюць у пракуратуру. Ці то гаворка пойдзе пра артыкулы, прысьвечаныя сытуацыі вакол лекара Паснова, які апынуўся ў «псыхушцы» неўзабаве пасьля чарговага крытычнага выступу ў інтэрнэце, дзе зноў была скрытыкаваная віцебская мэдыцына. Ці то размова будзе прысьвечаная выданьню «Витебский курьер», зарэгістраванаму ў Смаленску, па-за межамі Беларусі.

Праз тэлефон 74-гадоваму незалежнаму журналісту пракурорскія работнікі нічога ня сталі тлумачыць. У позьве, выпісанай на 3 верасьня, сказана, што ён павінен зьявіцца да пракурора па наглядзе за выкананьнем заканадаўства і законнасьцю прававых актаў Паўла Зайцава для «тлумачэньняў па пытаньні парушэньня заканадаўства аб СМІ».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства