Улады адмовіліся рэгістраваць грамадскае аб'яднанне “ Берасцейскія Хрысціянскія Дэмакраты”
Як вынікае з адказу галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама, падставай для адмовы з’яўляецца тое, што назва арганізацыі на рускай і беларускай мове адрозніваецца.
Паводле намесніцы начальніка гэтага упраўлення Ларысы Баландзінай, якая падпісала афіцыйны ліст, назва “Берасцейскія Хрысціянскія Дэмакраты” на беларускай мове не адпавядае назве “Брестские Христианские Демократы”на рускай. Пры гэтым скарочаную назву (ГА “БХД”) заснавальнікам арганізацыі трэба было ўзгадняць з установай, якая займаецца з рэгістрацыяй.
Акрамя таго, чыноўніца аблвыканкаму заўважае, што “назва аб’яднання не змяшчае пазнакі на характар дзейнасці аб’яднання”, што нібыта з’яўляецца парушэннем артыкулу 12 Закона РБ “Аб грамадскіх аб’яднаннях”. Іншых заўваг галоўнае ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама не мае, але палічыла што прэтэнзіі да назвы маюць непераадольны характар, таму арганізацыі і адмовілі ў рэгістрацыі.
Па словах кіраўніка аргкамітэта “Берасцейскіх Хрысціянскіх Дэмакратаў” Зміцера Шурхая, нежаданне ўладаў надаць легальны статус такому грамадскаму аб’яднанню даволі прадказальнае, тым не менш выклікала цікавасць аргументацыя чыноўнікаў, бо ўсе дакументы былі падрыхтаваныя абсалютна бездакорна.