Мазыр: ананімныя працаўнікі аўтапарку просяць праваабаронцу не распаўсюджваць улёткі
Мазырскі праваабаронца Уладзімір Целяпун 18 жніўня атрымаў па пошце ліст ад невядомых супрацоўнікаў мясцовага аўтобуснага парку №2. На канверце і ў самім лісце няма ніводнага прозвішча і пасады супрацоўнікаў, але зваротны адрас пазначаны як аўтапарк.
У лісце да праваабаронцы працаўнікі аўтапарку (калі гэта яны) просяць адрасата «спыніць незаконнае распаўсюджванне паштовак, буклетаў, бюлетэняў і іншых друкаваных выданняў шляхам іх размяшчэння ў нашых гарадскіх аўтобусах, на інфармацыйных стэндах аўтобусных прыпынкаў і іншых месцах нашай службовай дзейнасці». Працаўнікі скардзяцца, што ад кіраўніцтва прадпрыемства ім паступіў загад прыбраць «наступствы вашых дзеянняў, таму што прыйшлося, каб дастаць паштоўкі, пашкодзіць інфармацыйныя стэнды, якія прыйшлося рамантаваць за свой кошт».
Ананімы прапануюць Уладзіміру Целяпуну заключыць з імі дамову: «Вы не забруджваеце нас сваім ўлёткамі і не перашкаджаеце нам выконваць свае абавязкі належным чынам, а мы не выношваем да вас намеры адпомсціць і прыцягнення вас да адміністратыўнай адказнасці».
Аўтары звароту пішуць, што «сведчаннем вашай згоды і дамовы з намі будзе адсутнасць сведак аб гэтай паштоўцы у інтэрнэце ці іншых СМІ, а таксама адсутнасць вашых улётак і паштовак на нашых аб’ектах».
Варта заўважыць, што ліст напісаны на «трасянцы», прычым з грубымі граматычнымі памылкамі.
Па словах праваабаронцы, у пачатку жніўня грамадскія актывісты Мазыра правялі акцыю па інфармаванні грамадзян горада аб тым, што 4 жніўня адзначаецца Дзень міжнароднай салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Гэты Дзень салідарнасці адзначаецца 4-га жніўня - дзень зняволення кіраўніка Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага.
Нехта з актывістаў размясціў інфармацыйныя матэрыялы (паштоўкі з выявай Алеся Бяляцкага, буклеты аб наяўнасці ў Беларусі палітычных вязняў і іншыя) на інфармацыйных стэндах у аўтобусах, прыпынках і іншых грамадскіх месцах. Чамусьці невядомыя працаўнікі аўтапарку палічылі, што гэта зрабіў менавіта адзін жыхар Мазыра, мясцовы праваабаронца Уладзімір Целяпун.
«Атрымаўшы ліст, я пытаўся некаторых кіроўцаў аўтобусаў, работнікаў гэтага прадпрыемства пра іх зварот да мяне – яны нічога не ведаюць пра гэта. І ўсё ж да адпраўнікаў лісту ў мяне ёсць пытанні. Напрыклад, я хацеў бы ведаць межы «іншых месцаў» іх службовай дзейнасці, хаця б для таго, каб іх не парушаць. Па-другое, нарэшце кіраўніцтва аўтапарку звярнула ўвагу на стэнды ў аўтобусах і на прыпынках. Калі б гэта яны зрабілі раней, то заўважылі б, што шмат іх зламана, інфармацыя там даўняя і неактуальная, на выцвілых лістах паперы, што неяк няёмка становіцца перад гасцямі горада», - пракаментаваў Уладзімір Целяпун.
Ён нагадаў, што артыкул 34 Канстытуцыі гарантуе грамадзянам права на атрыманне, захаванне і распаўсюд інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб'яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці.