viasna on patreon

Старшыня Шумілінскага райвыканкаму заклікае парушаць заканадаўства

2013 2013-08-14T13:06:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chynounik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Падчас апошняй пашыранай рабочай нарады старшыня Шумілінскага райвыканкаму У.П.Куранны заявіў, што дзеля ўзмацнення працоўнай дысцыпліны і недапушчальнасці з’яўлення работнікаў на працоўным месцы ў п’яным стане міліцыя можа прымяняць любыя захады – у тым ліку і тыя, што супярэчаць заканадаўству.

Словы чыноўніка, ці то недасведчанага ў юрыдычных пытаннях, ці то проста аматара гучных выразаў, цытуе раённая газета “Герой працы”:

“ Работнікам міліцыі тут дадзены ўсе паўнамоцтвы: убачылі п’яную даярку на ферме – на 15 сутак яе, па ўсёй строгасці, хопіць выхоўваць, хопіць вазіцца. З такой катэгорыяй і адносіны павінны быць катэгарычнымі”.

Аўтар артыкула “На рабочай нарадзе ў райвыканкаме” – уласна рэдактар “раёнкі” Аліна Пятрова. Спадарыня Пятрова перадала змест сказанага старшынём райвыканкаму, які, па ўсім, не пацікавіўся нават, якое пакаранне за з’яўленне на працу ў нецвярозым стане насамрэч прадугледжана заканадаўствам.

 У прыватнасці, пунктам 2 артыкула  17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях рэгламентуецца, што за “знаходжанне на працоўным месцы ў стане алкагольнага, наркатычнага ці таксікаманічнага ап’янення” прадугледжаны штраф памерам ад адной да 10-ці базавых велічынь. Да ўсяго, меру пакарання мусіць вызначаць суд, а не супрацоўнікі міліцыі, якім У.П.Куранны “перадаў” у гэтым пытанні “усе паўнамоцтвы”.

На думку актывіста кампаніі “Наш дом” Мікалая Петрушэнкі, выказванні чыноўніка супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Кожнае асоба мае права на справядлівае судовае разбіральніцтва. А надзяленне супрацоўнікаў міліцыі “усімі паўнамоцтвамі” у гэтым пытанні робіць мясцовых работнікаў цалкам безабароннымі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства