Судовая калегія Гомельскага аблсуда сумняваецца ў канстытуцыйных правах грамадзян
Суддзі Гомельскага абласнога суда Леанора Буянкова, Алена Краўчанка і Аляксандр Хоміч паставілі кропку ў спрэчцы паміж старшынём Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Уладзімірам Сякерка і памежнікамі, якія знялі яго з цягніка з фармулёўкай «выяўлены грамадзянін, які праходзіць па спісах па даручэнні праваахоўных органаў».
Судовая калегія ўзаконіла рашэнне суддзі суда Савецкага
раёна Гомеля Юрыя Валашыненка, які адмовіў у прадастаўленні
інфармацыі, закранаючай правы і ахоўваемыя законам інтарэсы лідэра гомельскіх
левых. Фактычна суддзі абласнога суда паставілі пад сумнеў канстытуцыйныя
гарантыі на атрыманне інфармацыі, якая закранае правы і законныя інтарэсы
кожнага беларуса.
Прайшоўшы ўсе
ўнутраныя сродкі прававой абароны лідэр гомельскіх левых плануе звярнуцца з
індывідуальнай скаргай у Камітэт па правах чалавека ААН. Уладзімір
Сякерка упэўнены, вельмі важна назапашваць інфармацыю і даводзіць да лагічнага
завяршэння кожны факт ігнаравання з боку судовай сістэмы галоўнага абавязка -
выносіць рашэнні, кіруючыся ў першую чаргу Асноўным Законам.
Нагадаем, рашэнні суддзяў судовай калегіі Гомельскага абласнога суда Алены Краўчанка і Аляксандра Хоміча ўжо з'яўляліся прадметам разгляду ў Камітэце па правах чалавека ААН. Міжнародныя эксперты прыйшлі да высновы аб незаконнасці рашэння суддзі Алены Краўчанка аб ліквідацыі ў судовым парадку Гомельскага абласнога грамадзкага аб'яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы". Таксама ў ААН прызналі незаконнай пастанову тады яшчэ суддзі суда Чыгуначнага раёна Гомеля Аляксандра Хоміча аб канфіскацыі ў судовым парадку у Гомельскага абласнога грамадскага аб'яднання «Грамадзянскія ініцыятывы» кампутараў.