У Глыбокім "дошкі ганьбы" дужа папулярныя
Адзін з такіх стэндаў размешчаны каля ўваходу ў Глыбоцкі РАУС. Другі – пад назвай "Пазнай сябе" – у будынку, дзе месціцца аддзел правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў Глыбоцкага РАУС. Глыбачанам прапануюць "пазнаць сябе" ў фотаздымках асобаў, якія “вядуць антыграмадскі лад жыцця, знаходзіліся на лячэнні ў ЛПП.”
Незалежны глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач заходзіў у райаддзел міліцыі па ўласных справах і быў шакіраваны ўбачаным:
"Пазнай сябе" – гэта што, такая рэкамендыцыя для глыбачан? Мы тут усе алкаголікі і дэбашыры? Так лічаць у міліцыі? Гэта абраза для ўсіх жыхароў Глыбокага, якія мусяць "пазнаць сябе" сярод асацыяльных асобаў!"
Зміцер Лупач лічыць з'яўленне падобных стэндаў абразай годнасці і парушэннем правоў асобы. Прычым як у дачыненні шараговых гараджан, якія вымушаны "пазнаваць сябе" ў тых, каго міліцыянты лічаць вартымі грамадскага асуджэння, так і ў дачыненні да 6-ці асобаў, чые партрэты змешчаны на стэндзе.
Дарэчы, сярод партрэтаў – і тыя самыя, што змешчаны звонку на "Дошцы ганьбы" каля ўвахода ў будынак. Журналісты – сябры ГА БАЖ, якія прыязжалі на Глыбоччыну ў прэс-тур, "Дошку ганьбы" разглядалі і фатаграфавалі як вялікае дзіва. Паводле іхных назіранняў, вельмі нячаста можна сустрэцца ў рэгіёнах Беларусі з такім "сродкам змагання" супраць алкагалізацыі насельніцтва – бо ён і неэфектыўны, і прыніжае чалавечую годнасць. Але на Глыбоччыне ён, відаць, карыстаецца вялікай папулярнасцю ў міліцыянтаў, якія размясцілі "дошкі ганьбы" і ў РАУСе, і звонку.