Мінгарвыканкам: Усталяванне помніка Каліноўскаму ў Мінску не прадугледжана
Ліст на імя ініцыятара, Алега Корбана, прыслаў намесьнік старшыні менскага гарвыканкаму, кіраўнік праўладнай кампартыі Ігар Карпенка.
Спадар Карпенка паведамляе, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам помнікі выбітным дзеячам усталёўваюцца на падставе заключэньняў Міністэрства культуры і пасьля ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам ды вызначэньня крыніц фінансаваньня.
Менскі навукова-дасьледчы інстытут сацыяльна-эканамічных праблем распрацаваў навуковую канцэпцыю, у сувязі зь якою ў Менску заплянаваныя да ўсталяваньня ў 2012–2017 гадах канкрэтныя творы манумэнтальнага і манумэнтальна-дэкаратыўнага мастацтва.
«Гэтай канцэпцыяй не прадугледжаная ўстаноўка ў Менску помніка К. Каліноўскаму. Аднак, прымаючы да ўвагі неаднаразовыя звароты грамадзян па гэтым пытаньні, інстытуту даручана даць заключэньне аб мэтазгоднасьці ўсталяваньня такога помніка ў горадзе Менску», — напісаў Карпенка.
Зварот у гарвыканкам аб усталяваньні помніка Каліноўскаму быў накіраваны 9 ліпеня. Актывісты даслалі лісты кіраўніку Менскага гарсавету дэпутатаў, міністру культуры, старшыні Менгарвыканкаму.
Усяго было сабрана 4000 подпісаў за помнік Каліноўскаму ў Менску, 3500 зь іх былі пасланыя ўладам.
Кампанію зьбіраньня подпісаў сярод жыхароў Менску за будоўлю помніка лідэру нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў Кастусю Каліноўскаму правялі актывісты грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва». Яны ж і прапанавалі месца будучага помніка: сквэр, які пачынаецца з вуліцы Каліноўскага, побач з праспэктам Незалежнасьці. Паблізу — Усходнія могілкі, дзе пахаваныя дзеячы беларускай культуры, штогод тут праходзіць шэсьце ў Курапаты.
Актывісты зазначаюць добрае стаўленьне жыхароў Менску да іхняй ініцыятывы. Людзі ведаюць, хто такі Каліноўскі, разумеюць важнасьць паўстаньня пад ягоным кіраўніцтвам.