Магілёўцы патрабуюць выбачэнняў ад Лукашэнкі за “адарваныя галовы”
Адзінаццаць магілёўцаў выказалі незадаволенасць фактамі прапаганды гвалту, хамства і пагрозы забойства службовых асобаў па Беларускаму тэлебачанню прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Лісты з патрабаваннем прыняць меры ўздзеяння за выказванні да Аляксандра Лукашэнкі былі накіраваны ў Генеральную пракуратуру, Міністру інфармацыі, старшыні камісіі па правах чалавека і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, старшыні грамадскай Рады па маральнасці і адначасова старшыні саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалаю Чаргінцу.
Падпісанты патрабуюць, каб кіраўнікі адказных за супрацьдзеянне прапаганды гвалту і амаральнасці не дапускалі ў СМІ паказ і публікацыі выказванняў кіраўніка дзяржавы, якія могуць негатыўна адбівацца на псіхіцы дзяцей і грамадзян, а таксама дыскрэдытаваць нашу краіну ў вачах сусветнай супольнасці.
Таксама магілёўцы хочуць, каб ў парламенце былі праведзены слуханні з нагоды недастойных паводзінаў Аляксандра Лукашэнкі і абавязаць прэзідэнта прынесці публічныя выбачэнні ў СМІ зняважаным міністрам, дзецям і гледачам беларускага тэлебачання.
Нагадаем, што 8 ліпеня па беларускаму тэлебачанню ў навінах з нагоды візіта Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскую вобласць у вёску Александрыя, дзе праводзілася свята “Купалле”, быў паказаны рэпартаж, у якім прэзідэнт абяцаў адарваць галовы міністрам калі вырабляемая сельгастэхніка будзе няякаснай.