viasna on patreon

Уведзеная адміністратыўная адказнасьць за парушэньне парадку правядзеньня апытаньняў грамадзкай думкі

2013 2013-06-28T17:07:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/apytanne-za-ci-suprac-smjarotnaha-pakarannja.jpg

26 чэрвеня Палата прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях, якія, сярод іншага, прадугледжваюць увядзеньне адміністратыўнай адказнасьці за незаконнае правядзеньне апытаньняў грамадзкай думкі.

За гэтае парушэньне ўводзіцца спагнаньне ў выглядзе штрафа да дваццаці базавых велічыняў для фізічнай асобы, да ста базавых велічынь для юрыдычнай асобы.

За паўторнае парушэньне штрафы большыя. Цяпер законапраект чакае разгляд у Савеце Рэспублікі, падпісаньне прэзідэнтам і апублікаваньне. Новы закон павінны ўступіць у сілу праз месяц паьсля апублікаваньня.

Сытуацыю каментуе юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў:

- Абмежаваньні на свабоднае правядзеньне сацыялягічных апытаньняў (апытаньняў грамадзкага меркаваньня) ў Беларусі ўпершыню былі ўведзеныя 31 траўня 2002 году, калі была прынятая пастанова Савета Міністраў №707 «Аб Камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі». Гэтым актам была заснаваная пазначаная камісія і зацьверджанае палажэньне аб яе дзейнасьці. Згодна з палажэньнем, камісія была створаная для ўдасканаленьня ўмоваў правядзеньня і апублікаваньня апытаньняў грамадзкай думкі, якія адносяцца да грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, рэспубліканскіх рэферэндумаў і выбараў. Пазьней на камісію была ўскладзеная функцыя акрэдытацыі суб’ектаў, якія праводзяць апытаньні грамадзкай думкі датычна выбарчых і іншых палітычных пытаньняў.

З таго часу акрэдытацыю на правядзеньне сацыялагічных апытаньняў, датычных грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне, атрымалі не болей за пяць юрыдычных асобаў. Такія аўтарытэтныя агенцыі як НОВАК ды НІСЭПД акрэдытацыі не маюць і, адпаведна, не маюць права праводзіць апытаньні датычныя выбараў ці рэйтынгаў палітыкаў ды палітычных партыяў. Поўны спіс акрэдытаваных агенцыяў не публікуецца, хоць вядома, што акрэдытацыю, напрыклад, мае Цэнтр сацыялагічных і палітычных дасьледваньняў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Згодна з новаўведзеным артыкулам 9.28 КаАП, дміністрацыйная адказнасьць будзе наступаць пры наяўнасьці двух пасьлядоўных дзеяньняў:

  1. правядзеньне дасьледаваньня грамадзкай думкі па грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне

  2. публікацыя вынікаў апытаньня, зробленага ў рамках такога дасьледаваньня.

Тым не менш, зыходзячы з практыкі, дзяржаўныя органы будуць трактаваць як незаконны і першай складнік дадзенага дзеяньня. Што датычыцца прыцягненьня да адказнасьці за адно толькі апублікаваньне вынікаў апытаньняў, якія праводзяцца з парушэнньямі, то яно малаверагоднае.

У той жа час такія выданьні могуць быць прыцягнутыя а адказнасьці па заканадаўстве аб СМІ, і, такім чынам, законапраект істотна абмяжуе магчымасьці зарэгістраваных СМІ публікаваць дадзеныя неакрэдытаваных інстытутаў. Нявызначанасьць фармулёўкі «грамадзка-палітычнай сытуацыі ў краіне» тэарэтычна дазваляе распаўсюдзіць гэты від адказнасьці на амаль усе сацыялагічныя апытаньні (як рэспубліканскія, так і мясцовыя).

Зыходзячы з актуальнага заканадаўства аб распаўсюдзе інфармацыі ў інтэрнэце, правапарушэньнем можа лічыцца і апублікаваньне вынікаў апытаньняў на сайтах даменнай зоны by. Разьмешчаныя ў іншых сэгмэнтах інтэрнэту сайты фармальна не знаходзяцца пад беларускай юрысдыкцыяй і не могуць служыць матэрыялам для фарміраваньня аб’ектыўнага боку правапарушэньня. Аднак, у такім выпадку падобныя публікацыі могуць стаць падставай для прыцягненьня па іншых артыкулах (напрыклад, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) альбо для нэфармальнага ціску на прадстаўнікоў гэтых інфармацыйных рэсурсаў ўнутры краіны.

Хутчэй за ўсё заканадаўца імкнецца абмежаваць СМІ ў апублікаваньні дадзеных апытаньняў, а пагроза магчымай адказнасьці абцяжарыць публічнае абмеркаваньне гэтых дадзеных (у тым ліку ў выглядзе спэцыяльных аналітычных матэрыялаў). Зыходзячы з досьведы прымяненьня падобных палітычна матываваных відаў адміністрацыйных правапарушэньняў ня варта чакаць вялікай колькасьці адміністрацыйных спраў гэтай катэгорыі – сам факт наяўнасьці новаўведзенага артыкула будзе выкарстоўвацца дзеля таго каб апытаньні не праводзіліся, а тыя, якія праводзяцца – не ўплывалі не мадыйную сфэру, былі прыхаваныя.

Варта ўлічваць, што ўвядзеньне адміністрацыйнай адказнасьці за гэты від правапарушэньняў зь вялікай доляй верагоднасьці будзе суправаджацца зьменай пастановы ўрада “Аб Камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” і іншых зьвязаных з ім актаў. Таксама магчымы сцэнар рэанімацыі законапраекта 2006 году “Аб апытаньнях грамадзкай думкі”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства