viasna on patreon

Вячаслаў Сіўчык: Не трэба думаць, што сітуацыя ў Беларусі безнадзейная

2013 2013-06-25T08:47:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/siuchyk.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

Калі вызваляць палітвязьняў, калі вернуцца палітуцекачы, і ці калі-небудзь пераможа Плошча?.. Вы скажаце: з такімі пытаннямі трэба ісьці да гадалкі, а не задаваць іх палітвязьням ды палітыкам. Тым ня менш, менавіта ад стану згаданых рэчаў залежыць жыццё і маральнае самаадчуванне многіх беларусаў.

Пра гэта, ды і шмат што іншае, мы шчыра пагутарылі з  адным з першых палітвязьняў незалежнай Беларусі — Вячаславам Сіўчыкам.   

– Вячаслаў, Вы заўсёды казалі, што часова з’ехалі з Беларусі ва Украіну. Ці ўдалося хоць трохі там наладзіць жыццё?

– Я не ставіў на мэце наладзіць сваё жыццё на чужыне. Ва Украіне я апынуўся толькі ў лютым 2011 года. Мяне некалькі разоў спрабавалі незаконна арыштаваць (па, хутчэй за ўсё, крымінальных справах) у Беларусі ў 2010 годзе. Гэта было і пры маім незаконным затрыманні 27 ліпеня. Была спроба арышту 18 снежня, за суткі да Плошчы. Нягледзячы на гэта, я здолеў дайсьці да Плошчы 19 снежня, і нягледзячы на тое, што быў адсечаны ланцугом спецназу ля ганка Дома Ўрада, здолеў сысьці з Плошчы. Хацеў бы паўтарыць тое, што ўжо казаў у некалькіх інтэрв’ю. Я апынуўся ля ганка ў той момант, калі кандыдатаў у прэзідэнты Міколу Статкевіча і Андрэя Саннікава выцягнулі туды быццам бы для перамоваў з міліцэйскім начальствам. Ніякіх перамоваў не было, замест гэтага пачалася брутальная зачыстка Плошчы, пайшоў спецназ. Раніцай 20 снежня ўжо было зразумела, што Беларусь чарговы раз напаткалі масавыя рэпрэсіі. Я бачыў неадэкватныя дзеянні прадстаўнікоў сілавых структураў не толькі на плошчы Незалежнасьці, дзе сьвядома калечылі людзей, праяўляючы асаблівую жорсткасьць супраць дзяўчат і жанчын. Але мне прыйшлося пабачыць на свае вочы і гэткія ж неадэкватныя дзеянні сілавых структураў Лукашэнкі ў раёне плошчы Свабоды. Ноччу стала вядома, што арыштаваныя сем з дзевяці альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты (як вы ведаеце, гэтага лёсу пазьбеглі толькі Я.Раманчук і В.Цярэшчанка, якія згадзіліся выступіць па тэлевізіі з загадзя падрыхтаванымі гэбістамі тэкстамі, у якіх усё было пастаўлена з ног на галаву, бо людзей, якіх незаконна зьбівалі і арыштоўвалі, яшчэ абвінавачвалі ў быццам бы незаконных дзеяннях).

20 сьнежня я вёў першую прэсавую канферэнцыю ва Управе БНФ з удзелам прадстаўнікоў асноўных палітычных сілаў Беларусі, дзе была агучаная праўда пра падзеі 19 сьнежня. Да моманту прэсавае канферэнцыі двух кандыдатаў у прэзідэнты вызвалілі, калі яны пагадзіліся ў больш мяккай форме, чым Раманчук, даць інтэрв’ю БТ. 21 сьнежня я ўдзельнічаў у прэсавай канферэнцыі апазіцыі, якая на той момант была аб’яднаная, з дзьвюма патрабаваннямі: вызваленнем незаконна арыштаваных людзей і непрызнаннем так званых прэзідэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 года. На жаль, мая напаўлегальная дзейнасьць спынілася 25 сьнежня, калі ў дзясятках кватэраў былі праведзеныя ператрусы КДБ. У тым ліку — па крымінальнай справе за Плошчу ператрус быў праведзены на кватэры па маім месцы прапіскі. Ведаючы, што мяне арыштуюць пры першай магчымасьці, я знаходзіўся ў Менску яшчэ паўтары месяцы. З’ехаў, таму што ніколі не думаў, што будзе такая зацяжная хваля рэпрэсіяў у Беларусі, бо не было адэкватнае рэакцыі Захаду на рэпрэсіі. Першапачаткова я меркаваў вярнуцца да Дня Волі 2011 года, крыху падлячыўшыся ва Украіне.

– Ці думалі забраць у Кіеў ці іншы ўкраінскі горад сваю сям’ю? Калі не — ці не зьбіраецеся дахаты?

– Сям’ю забіраць у Кіеў я ніколі не збіраўся. Ды і такіх магчымасцяў у мяне ніколі не было. Яшчэ на першых публічных прэсавых канферэнцыях ва Украіне я мусіў адказваць на пытанне, калі я вярнуся дахаты. Я адказаў, што вярнуся ў Беларусь, калі будуць вызваленыя Мікола Статкевіч і Зьміцер Дашкевіч.

– Як да Вас ставяцца ўкраінскія ўлады? У якой сітуацыі іншыя палітычныя ўцекачы з Беларусі?

– Украінскія ўлады ставіліся да мяне нейтральна. (На момант нашай гутаркі Вячаслаў Сіўчык перабываў у адной з краінаў Еўразьвязу — palitviazni.info). Я не закранаў унутраныя ўкраінскія палітычныя пытанні, бо заўсёды падкрэсліваў, што з’яўляюся госьцем на ўкраінскай зямлі. Ва Украіне маю шмат сваіх пабрацімаў, бо нават па першай сваёй крымінальнай справе (1996 год) сядзеў разам з унсоўцамі. Шмат каго з дэпутатаў Вярхоўнае Рады Украіны я знаю з 90-ых гадоў, калі ўваходзіў у кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне». Шмат з кім я пазнаёміўся, калі быў каардынатарам беларускае групы падчас Памаранчавае рэвалюцыі.
Я ніколі не быў ва Украіне палітычным уцекачом. Так склаўся мой лёс, што я проста не мог застацца на волі ў Беларусі. Знаю шмат беларусаў, якія спрабавалі прасіць палітычны прытулак ва Украіне. Па вялікім рахунку, спроба яго атрымаць – рэч абсалютна бессэнсоўная. Украіна, у адрозненні ад краінаў Еўрасаюза, не надае адпаведнага статусу беларусам, якія змагаюцца з Лукашэнкам.

– Ці маглі Плошчы 2006 і 2010 гг. зьмяніць сітуацыю ў краіне? Чаго, на Вашую думку, ім не хапіла?

– Маглі. Не трэба думаць, што сітуацыя ў Беларусі безнадзейная. Абсалютная большасьць беларускае нацыі хоча жыць нармальна. Таму ім непатрэбныя Лукашэнка і ягоны рэжым. На жаль, у Беларусі няма выбараў ад 1996 года. Таму праз маніпуляцыі большасьць ператвараюць у меншасьць, у т.зв. «пятую калону», але гэта ўсё можа быць зламана ў момант, калі Лукашэнка мусіць праводзіць т.зв. прэзідэнцкія выбары. У гэты момант у беларускай нацыі ўзьнікае шанец, які вельмі праблематычна, але ж можна выкарыстаць.
Чаго не хапае? Адказ не зьвязаны з унутранабеларускай сітуацыяй. Не хапае, каб Беларусь не была ў зоне ўплыву Расейскае Федэрацыі.

– Вы часта ладзіце ва Украіне імпрэзы, на якіх згадваюцца як беларуская гісторыя, так і сучаснасьць. Чаго хочаце такім чынам дамагчыся? Ці гэта атрымліваецца? Што перашкаджае забыцца на нашыя падзеі, як на кашмарны сон, і жыць далей новым жыццём?

– Ва Украіне я са сваімі паплечнікамі правёў сотні акцыяў. Гэтыі акцыі адбываліся пры падтрымцы і ўдзеле ўкраінскіх патрыётаў, якія рэпрэзэнтавалі розныя палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні. Мэта гэтых акцыяў была дасягнутая. Мы маральна падтрымлівалі беларусаў, якія ў невыносных умовах ладзілі акцыі супраціву ў Беларусі. Адначасова мы прымусілі Украіну глядзець на Беларусь сваімі вачыма, а не праз лубянкаўскія маніпуляцыі.

– Ці вядомыя Вам лёсы ўкраінцаў, што сядзелі па палітычных справах у Беларусі?

– Справа ў тым, што з усімі сямю украінцамі, якія сядзелі па палітычных справах пасьля Чарнобыльскага Шляха-96, мне прыйшлося пазнаёміцца альбо падчас майго знаходжання ў Фрунзенскім РАУСе, альбо на Акрэсціна. Я быў адзіным сьведкам ад кіраўніцтва БНФ на адкрытым судовым працэсе па крымінальнай справе унсоўцаў, на сьведчанні якога не спаслаўся пракурор, бо я сказаў праўду, бо ўкраінцаў катавалі практычна на маіх вачах. Кіраўніка ўкраінскае групы Уладзіміра Салаўя я наступны раз пабачыў толькі ў канцы 2004 года, падчас Памаранчавае рэвалюцыі, ля беларускіх намётаў на Хрэшчатыку. Спадар Уладзімір памёр у дзень інаўгурацыі Віктара Юшчанкі. На пахаванні, якое адбылося на Байкавых могілках горада Кіева, я перадаў ягоным сынам медаль Кастуся Каліноўскага — у якасьці падзякі за тое, што зрабіў гэты мужны ўкраінец для Беларусі. З большасьцю іншых украінцаў, якія сядзелі за палітычныя справы ў Беларусі, я бачыўся на пятнаццацігоддзе Чарнобыльскага Шляха-96. Ва УНІАН адбылася супольная прэсавая канферэнцыя Руху Салідарнасці «Разам» і УНА-УНСО. На гэтай прэсавай канферэнцыі з боку ўкраінцаў выступаў Сяргей Патапаў, які быў асуджаны на год і тры месяцы і вызвалены быў «па УДО» з беларускае турмы. На вялікі жаль, падчас знаходжання ва Украіне я не знайшоў Андрэя Шэпціцкага, якога я апошні раз бачыў у Менску 27 ліпеня 1997 года, калі ён выступаў на мітынгу апазіцыі пасьля свайго вызвалення з магілёўскае турмы.

– Які з Вашых арыштаў Вам запомніўся найбольш і чаму?

– Напэўна, першы, 26 красавіка 1996 года, бо я яго не чакаў. Да гэтага мяне некалькі разоў затрымлівалі, але ж нават баяліся складаць пратаколы. А пасля 1996 года я разумеў, што мяне могуць затрымаць у любы момант…

palitviazni.info 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства