Палітвязьню Францкевічу не дазволілі чытаць Даўлатава і Кафку
Актывісту анархісцкага руху Аляксандру Францкевічу, якога трымаюць у Івацэвіцкай калёніі, не прапусьцілі бандэролю з кнігамі. У бандэролі былі кнігі Сяргея Даўлатава і Франца Кафкі.
«Чаму
не прапусьцілі — ня ведаю, але атрымала назад гэтую бандэролю,
хоць нядаўна ў калёніі адвакату сказалі, што можна дасылаць мастацкую
літаратуру. Папярэджвалі, каб не дасылалі толькі філязофскія
і палітычныя кнігі, але вось і мастацкія забаранілі. Можа,
Даўлатава — таму што пісаў пра савецкія канцлягеры, дзе сам служыў
ахоўнікам? А за што Кафку не прапусьцілі, дык і ўявіць
не магу», — пракамэнтавала сытуацыю маці палітвязьня Тацяна
Францкевіч.
Яе сына Аляксандра Францкевіча асудзілі на 3 гады зьняволеньня
за ўдзел у нападах на будынкі. Празь некалькі месяцаў актывіст
мае выйсьці на волю. У калёніі Аляксандра Францкевіча трымаюць
у памяшканьні камэрнага тыпу.
Як стаяць справы з атрыманьнем літаратуры ў іншых актывістаў
анархісцкага руху, якія цяпер за кратамі?
Маці Ігара Аліневіча Валянціна
паведаміла карэспандэнту Свабоды: «У нашу калёнію з 1 чэрвеня
бандэролі для вязьняў не прымаюць. Пра гэта Ігар паведаміў на апошнім
спатканьні ў траўні. Але гэта, наколькі мне вядома, агульнае правіла, хоць
на практыцы атрымліваецца, што ў пэўнай калёніі могуць быць
асаблівасьці. У наваполацкай, дзе трымаюць Ігара, і раней было, што
не дазвалялі яму перадаць кнігі. Аднойчы набыла нейкую філязофскую кнігу
ў краме насупраць адміністрацыі Лукашэнкі, паказваю ў калёніі чэк,
але ўсё роўна не прапусьцілі. А мастацкую літаратуру Ігар прасіў
не перадаваць. Патлумачыў, што ў турэмнай бібліятэцы досыць добры
падбор кніг. Адкуль яны бяруцца? Усё проста: кнігі, якія туды перадаюць, назад
забраць немагчыма, і гэтак набіраецца нядрэнная бібліятэка».
Палітвязьня Ігара Аліневіча, які асуджаны на 8 гадоў, трымаюць
у Наваполацкай калёніі.
Бацька палітвязьня, актывіста
анархісцкага руху Мікалая Дзядка Аляксандар Дзядок распавёў,
якая сытуацыя з кнігамі склалася ў ягонага сына.
«Якраз складаю для сына сьпіс кніг, якія прапаную яму адправіць. Дашлю сьпіс,
і ён вызначыць, што адпраўляць, а што не,
бо ён лепш ведае, што прапусьцяць. Дакладна ведаю, што
не прапусьцяць ніякія раздрукоўкі з інтэрнэту. Сын жартуе, што нават
калі адправіце сьцягнутую з інтэрнэту інструкцыю па вырошчваньні
кактусаў, яе не прапусьцяць».
Палітвязьня Мікалая Дзядка, якога суд асудзіў на 4 гады зьняволеньня,
як злоснага парушальніка рэжыму трымаюць у магілёўскай «крытай»
турме, дзе сядзяць таксама былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай
Статкевіч і актывіст Яўген Васьковіч.