Хвастоў: Беларусь не мае патрэбы ў спецдакладчыку Савета ААН па правах чалавека
Беларусь не мае патрэбы ў спецыяльным дакладчыку або іншых падобных інстытутах. Аб гэтым заявіў прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў, выступаючы на сесіі Савета ААН па правах чалавека, дзе вечарам 4 чэрвеня абмяркоўваецца справаздача спецдакладчыка па сітуацыі ў Беларусі Міклаша Харашці.
Паводле слоў Хвастова, гэты даклад выкарыстоўваеца для таго, каб аказаць палітычны і эканамічны ціск на Беларусь.
"Беларускі народ не мае патрэбы ў спецдакладчыку. Мы ведаем, якія ў нас ёсць праблемы, і гатовы іх вырашаць, — заявіў Хвастоў. — У нас ёсць свая мадэль, якая заснавана на нацыянальным суверэнітэце, бяспецы і вяршэнстве закона. Мы адхіляем усе абвінавачанні, якія ўтрымліваюцца ў дакладзе, і заяўляем, што высновы даклада для нас непрымальныя".
У сваю чаргу прадстаўнік Еўрасаюза адзначыла: не выклікае сумнення, што ў дакладзе адлюстраваны сістэматычныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Яна падкрэсліла, што ЕС глыбока занепакоены працягам парушэння правоў грамадскіх актывістаў, ціскам на палітычных апанентаў, пераследам журналістаў, а таксама прымяненнем у краіне смяротнай кары.
"Мы заклікаем беларускі ўрад выканаць усе рэкамендацыі, выкладзеныя ў дакладзе, у тым ліку неадкладна вызваліць палітзняволеных, расследаваць усе выпадкі катаванняў і несправядлівых прыгавораў, увесці мараторый на смяротную кару", — сказала прадстаўнік ЕС.
Прадстаўнік расійскай дэлегацыі выказаў шкадаванне, што даклад Харашці з'яўляецца "кампіляцыяй рознабаковай інфармацыі з другіх крыніц, ён не з'яўляецца вынікам камунікацыі з беларускімі ўладамі". (Афіцыйны Мінск адмовіўся супрацоўнічаць са спецдакладчыкам і не дазволіў яму наведаць Беларусь. — БелаПАН.). Расійскі прадстаўнік таксама падкрэсліў, што не бачыць неабходнасці ў працягу паўнамоцтваў спецдакладчыка, бо сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не патрабуе спецыяльнай увагі.
Прадстаўнікі Польшчы, Германіі, Эстоніі, Францыі выказалі шкадаванне, што беларускія ўлады адмовіліся супрацоўнічаць з Харашці і адзначылі, што парушэнні правоў чалавека ў Беларусі носяць сістэмны характар. Яны таксама заклікалі Мінск неадкладна і без усялякіх умоў вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных.
Прадстаўнік Венгрыі заклікаў беларускія ўлады неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных, у тым ліку праваабаронцу Алеся Бяляцкага.
ЗША заявілі аб глыбокай занепакоенасці сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і выказаліся за працяг мандата спецдакладчыка.
Швейцарыя выказала занепакоенасць апошнімі вынесенымі смяротнымі прыгаворамі ў Беларусі і заклікала беларускія ўлады неадкладна ўвесці мараторый на смяротную кару. Акрамя таго, прадстаўнік Швейцарыі заклікаў вызваліць палітзняволеных, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Дашкевіча.
Прадстаўнік Вялікабрытаніі заклікаў Мінск выканаць выкладзеныя ў дакладзе рэкамендацыі, вызваліць палітзняволеных, увесці мараторый на смяротную кару.
Прадстаўнік Славакіі адзначыў, што ў Беларусі аказваецца ціск на актывістаў апазіцыі, адвакатаў, журналістаў. Ён заклікаў вызваліць палітзняволеных, а таксама выказаў шкадаванне, што беларускія ўлады не дазволілі Харашці наведаць краіну.
Нарвегія таксама заклікала Беларусь вызваліць палітзняволеных і выканаць астатнія рэкамендацыі, выкладзеныя ў дакладзе.
Прадстаўнік Кубы заявіла, што такія даклады выкарыстоўваюцца для аказання палітычнага ціску на краіну.
Прадстаўнік Казахстана адзначыў, што ў дакладзе не адлюстравана пазіцыя афіцыйнага Мінска. Ён таксама адзначыў поспехі Беларусі ў супрацоўніцтве з рознымі структурамі ААН.
Прадстаўнік Венесуэлы заклікаў "не дэманізаваць беларускія ўлады", а таксама раскрытыкаваў санкцыі, уведзеныя адносна Беларусі з боку ЕС і ЗША.
Прадстаўнік Кітая падтрымаў пазіцыю Расіі па дакладзе Харашці і заклікаў Савет ААН па правах чалавека да аб'ектыўнасці пры разглядзе сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.
М'янма заклікала да дыялогу паміж Саветам ААН па правах чалавека і беларускімі ўладамі.
Прадстаўнік Узбекістана назваў даклад неаб'ектыўным і адзначыў, што непрымальна заклікаць да вызвалення палітзняволеных без дасканалага вывучэння сутнасці іх крымінальных спраў.
Прадстаўніца Палесціны заявіла пра палітызаванасць і наяўнасць двайных стандартаў у дакладзе Харашці.
Прадстаўнік праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя" заклікаў беларускія ўлады ўвесці неадкладны мараторый на смяротную кару з наступнай яе адменай, вызваліць палітзняволеных, адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса.
Прадстаўнік Human Rights House Foundation заявіў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі патрабуе пільнай увагі СПЧ. Ён падкрэсліў, што ў краіне ўсё яшчэ застаюцца ў зняволенні 11 палітзняволеных, у тым ліку Алесь Бяляцкі. "Мы зноў заклікаем неадкладна іх вызваліць, а таксама адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса і спыніць пераслед палітычных апанентаў, грамадзянскіх актывістаў, праваабаронцаў, журналістаў", — сказаў ён.
Прадстаўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" Валянцін Стэфановіч адзначыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца кепскай. "Усё яшчэ ёсць палітзняволеныя, у тым ліку экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, старшыня "Вясны" Алесь Бяляцкі, лідар "Маладога фронту" Дзмітрый Дашкевіч", — сказаў ён.
У заключнай рэмарцы Хвастоў выказаў падзяку тым краінам, якія ў ходзе абмеркавання выказваліся канструктыўна і ў духу дыялогу. Ён нагадаў Еўрасаюзу пра масавыя пратэсты ў краінах ЕС і заявіў аб гатоўнасці Мінска да дыялогу па наяўных у гэтых дзяржаў праблемах. Хвастоў таксама падкрэсліў, што Бяляцкі, пра якога неаднаразова згадвалі ў ходзе абмеркавання як аб палітзняволеным, асуджаны за нявыплату падаткаў.
Чакаецца, што разгляд рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі, у якой будзе ўлічвацца даклад, адбудзецца 13—14 чэрвеня. Рэзалюцыя таксама плануе працяг дзеяння мандата спецдакладчыка.