Гомель: суд адхіліў зыск праваабаронцы аб спагнанні маральнай шкоды з дзяржаўнай казны
4 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля ў асобе суддзі Марыны Домненка разгледзеў грамадзянскую справу праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Нагадаем, праваабаронца падаў зыск да казначэйства аб кампенсацыі маральнай шкоды, якую ацэньвае заробкам дэпутата парламента за чатыры гады паўнамоцтваў. Падставай да такога патрабавання паслужыла адмова беларускіх ўладаў выканаць рашэнне Камітэта па правах чалавека ААН, у якім устаноўлены факты парушэння правоў грамадзяніна з боку дзяржавы.
Падчас выбараў дэпутатаў парламента ў 2004 годзе праваабаронца сабраў неабходную колькасць подпісаў выбаршчыкаў, тым не менш, выбарчыя камісіі адмовіліся рэгістраваць яго кандыдатуру. І ў акруговай, і ў Цэнтральнай выбарчай камісіі палічылі, што юрыст няправільна ўказаў месца працы. Камітэт ААН вырашыў, што правы грамадзяніна былі парушаны дзяржавай, і беларускія ўлады павінны кампенсаваць шкоду Леаніду Судаленку.
У якасці суадказчыка па грамадзянскай справе суд прызначыў Цэнтральную выбарчую камісію. Але прадстаўнікі ЦВК не пажадалі выступаць у судзе ў якасці суадказчыка, прыслалі паведамленне па факсе з просьбай разглядаць справу ў іх адсутнасць. Прадстаўніком Міністэрства фінансаў у судзе быў Сяргей Захарчанка, які працуе ў казначэйстве. Выказваючы сваю пазіцыю аб тым, прызнае Міністэрства фінансаў зыск ці не, ён заявіў, што паводле Бюджэтнага кодэксу Міністэрства фінансаў плаціць кампенсацыі маральнай шкоды толькі тым грамадзянам, у дачыненні якіх былі вынесены незаконныя прысуды па крымінальных справах. А па грамадзянскіх справах як быццам бы ў Бюджэтным кодэксе няма такога абавязку ў Міністэрства фінансаў, і таму прадстаўнік прасіў у зыску Леаніду Судаленку адмовіць.
«Мяне, як грамадзяніна, не хвалююць і не цікавяць тыя нормы нацыянальнага заканадаўства, па якіх мне адмаўляюць у зыску. У мяне на руках рашэнне міжнароднай арганізацыі, якую прызнае наша краіна – Камітэта па правах чалавека ААН, дзе чорным па беламу запісана, што РБ павінна мне сплаціць кампенсацыю, і мяне не цікавіць, які менавіта дзяржаўны орган будзе яе плаціць. Паводле Грамадзянскага кодэксу, такім дзяржаўным органам з'яўляецца Міністэрства фінансаў. А калі ў Міністэрства фінансаў няма механізмаў, каб выплаціць, то яны павінны крычаць ва ўвесь голас да дэпутатаў, каб тыя хутчэй прынялі змены ў Бюджэтны кодэкс, каб былі выпрацаваны такія механізмы выплаты маральнай шкоды», - патлумачыў праваабаронца.
Па яго словах, сённяшняе судовае паседжанне паказала, што «Канстытуцыю ў нашай краіне суддзі выконваць не збіраюцца, чалавек у судзейскай мантыі гэта пацвердзіў, выдаўшы мне на рукі рашэнне аб адмове ў задавальненні маіх патрабаванняў». Праваабаронца пачакае, пакуль суд выдасць яму матывіровачную частку рашэння, і будзе яго абскарджваць.
«Я не пачуў ад чалавека ў судзейскай мантыі ніводнага аргументу – на якой падставе мне адмоўлена ў зыску, я кажу пра Канстытуцыю, а прадстаўнік Міністэрства фінансаў кажа мне па Бюджэтны кодэкс, у якім не прапісаны механізм, гэта проста здзек са здаровага сэнсу, інакш гэта не назавеш», - падсумаваў Леанід Судаленка.