Міятавіч: Беларусі неабходна рэфармаваць заканадаўства ў сферы СМІ
"Мяркую, што існуе тэрміновая неабходнасць разгляду пытанняў свабоды СМІ ў Беларусі, ажыццяўлення рэформ і змены заканадаўства ў гэтай сферы", — заявіла прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дунья Міятавіч 4 чэрвеня на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у Мінску.
"Я кажу ўсё гэта з павагай да беларускіх уладаў. Але мая роля заключаецца ў тым, каб пастаянна нагадваць уладам пра іх абавязацельствы па свабодзе СМІ, узятыя ў межах АБСЕ", — падкрэсліла яна.
Міятавіч зазначыла, што сустрэча з парламентарыямі і прадстаўнікамі парламенцкіх камісій, якія займаюцца пытаннямі СМІ, з'яўляецца неад'емнай часткай яе працы.
"Вельмі важна быць упэўненым, што праца камісіі і экспертныя веды яе членаў падштурхоўваюць да рэформ у правільным кірунку. Як прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ я заўсёды зазначаю, што ўсе заканадаўчыя акты, звязаныя са СМІ, павінны быць дружалюбныя ў адносінах да прэсы і заахвочваць яе працу, а не абмяжоўваць", — сказала прадстаўнік АБСЕ.
Сярод важных пытанняў, на якія Міятавіч звярнула ўвагу беларускага боку, — цяперашні закон аб СМІ. "Ён павінен быць перагледжаны. Мой офіс раней падрыхтаваў юрыдычную ацэнку гэтага закона. На маю думку, неабходна пачаць працэс яго рэфармавання", — заявіла яна.
Афіцыйны Мінск, між тым, чакае ад Міятавіч "аб'ектыўнасці і гатоўнасці да раўнапраўнага, адкрытага дыялогу". Пра гэта перад сустрэчай з Міятавіч заявіў журналістам старшыня камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка.
"Беларусь адкрыта для такога дыялогу ва ўсіх сферах. Спадзяемся, што гэтая пазіцыя будзе ўспрынята Еўрасаюзам. Менавіта за такім дыялогам будучыня, таму што аналіз санкцый і ўльтыматумаў, якія ЕС выставіў Беларусі, паказаў, што яны контрпрадуктыўныя, і не толькі не мелі станоўчага эфекту, але і проста супрацьлеглы", — сказаў дэпутат.
Самасейка зазначыў, што паводле вынікаў візіту Міятавіч павінна даць аб'ектыўную ацэнку сітуацыі ў Беларусі "не на падставе фактаў, якія падае гэтак званая апазіцыя, а на падставе асабістага меркавання".
Дунья Міятавіч знаходзіцца ў Беларусі з афіцыйным візітам. 3 чэрвеня яна ўзяла ўдзел у семінары-трэнінгу для беларускіх журналістаў на тэму развіцця інтэрнэт-СМІ і анлайн-журналістыкі.
У праграме візіту прадстаўніка АБСЕ — сустрэчы з высокапастаўленымі чыноўнікамі, уключаючы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта, ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, Вярхоўнага суда і Міністэрства інфармацыі, а таксама з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў і Беларускага саюза журналістаў, журналістамі, актывістамі грамадзянскай супольнасці.
Апошнім разам Міятавіч наведвала Беларусь у кастрычніку 2010 года. Яна таксама хацела прыехаць у Мінск адразу пасля жорсткага разгону акцыі супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. У ліку соцень затрыманых падчас акцыі грамадзян былі і незалежныя журналісты, у прыватнасці Ірына Халіп і Наталля Радзіна. Яны праходзілі як падазроныя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і ўтрымліваліся ў следчым ізалятары КДБ. Міятавіч двойчы звярталася да Сяргея Мартынава (у той час міністр замежных спраў Беларусі) з просьбай дапамагчы арганізаваць яе візіт у Мінск, аднак рэакцыі на яе лісты не было.
Увесь гэты час Міятавіч неаднаразова крытыкавала афіцыйны Мінск за сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі і пераслед незалежных журналістаў.