Марына Адамовіч: Пакуль хоць адзін адмаўляецца пісаць прашэнне, гэта ўлада несапраўдная
Марына Адамовіч каментуе сітуацыю вакол свайго мужа і іншых палітычных
зьняволеных.
– Спадарыня Марына, Ваш муж Мікола Статкевіч папярэдзіў, што яму не
першы раз пагражаюць напісаць прашэнне аб памілаванні за яго, падрабіўшы
почырк. Ці сапраўды такая падробка дакументаў рэальная?
– Насамрэч Мікола ўзгадаў падзеі амаль двухгадовай даўніны, калі “прыдворнай”
калоніі Лукашэнкі быў “аказаны высокі давер” — выбіць прашэнні з “палітычных”.
Менавіта тады актыўна выкарыстоўваліся такія пагрозы. Наколькі я разумею, зараз
Мікалай узгадаў тыя падзеі, бо нешта вакол яго адбываецца. Наўпрост жа “па
прашэнне” да яго даўно не зьвяртаюцца, асабліва — пасьля яго заявы.
– Чаму, на Вашую думку, улады так жорстка патрабуюць ад палітвязьняў
згаданае прашэнне? У чым прынцыповасьць адмовы вязьняў яго пісаць — ясна: гэта,
прынамсі, спроба давесьці сваю невінаватасьць. А чым тлумачыцца ціск уладаў і
“выбіванне” прашэння?
– Прынцыповая адмова таму і “прынцыповая”, што, па-першае, гэтыя людзі пэўныя
ўласныя прынцыпы, пачуццё годнасьці пераступіць не могуць, і, канечне, не
могуць прызнаць сябе вінаватымі ў тым, чаго не рабілі. Усе яны… Але ж не
толькі: для Міколы, напрыклад, гэта яшчэ і здрадзіць людзям, якія яму паверылі,
і паспрыяць “легітымізацыі” гэтай улады, бо, калі людзі “просяць аб
памілаванні”, то аўтаматычна прызнаюць сваю віну –альбо права гэтай улады іх
судзіць і мілаваць. Палітвязьні зараз як на вайне, як ні пафасна гэта гучыць,
і, па сутнасьці, яны там па сваёй волі. Цаной уласнай свабоды яны спрабуюць
захаваць і ўласны гонар, і права на нармальную будучыню для ўсіх нас. Яны і
яшчэ спрабуюць прадухіліць спакусу гандлю закладнікамі на будучае і таму рашуча
патрабуюць не гандляваць іх свабодай. Сёння гэтыя хлопцы — рэальная праблема
для таго, хто іх туды адправіў. Пакуль хоць адзін палітычны вязень адмаўляецца
“папрасіцца”, нават ва ўласных вачах, не кажучы ўжо пра сьвет, гэта ўлада
“несапраўдная”. Уласна кажучы, гэта і ёсьць адказ — чаму так важна для ўлады іх
“даціснуць”.
– Вы абураліся, што часам журналісты выказваюць у СМІ здагадкі пра
тое, што палітвязьняў нібыта вось-вось вызваляць. Чаму ж такія публікацыі
непрыймальныя?
– Абуралася? Мабыць, не вельмі дакладнае слова… Але ж мы з Вамі не мусім
займацца “гаданнем на кававай гушчы”. Скажыце, на чым заснаваныя такія
здагадкі? З улікам сказанага вышэй, хіба ўлада зацікаўлена прадэманстраваць
сваю “слабасьць”? (Словы “міласэрнасьць”, “адэкватнасьць”, “аб’ектыўнасьць”,
“справядлівасьць” і “законнасьць” — на жаль, не з лексікона ўлады). Затое гэтыя
марныя чаканні вельмі на карысць ўладзе, бо і ўнутры краіны, і звонку любая
актыўнасьць замірае, не робяцца неабходныя рэчы, нейкія далейшыя крокі, якія
маглі б рэальна паспрыяць вызваленню палітычных зьняволеных.
Ну і, канешне, гэта — “перадышка” для тых, хто намі незаконна кіруе,
магчымасьць знайсьці рэсурсы і г.д.
Для нашых хлопцаў, з непазьбежнасьцю, гэта яшчэ лішнія месяцы, а мо і гады, у
няволі… А для сваякоў, як бы мы ні разумелі ўсю ілюзорнасьць і надуманасьць
такіх чаканняў, гэта заўсёды вельмі балюча — няспраўджаныя чаканні, надзеі,
якія не збыліся. Думаю, тут варта ўзгадаць Фёдара Цютчава: “Нам не дано
предугадать, как наше слово отзовётся, — и нам сочувствие даётся, как нам
даётся благодать…” Таму няварта раскідвацца словамі, за якімі нічога не стаіць…
Паводле palitviazni.info