Пасол Італіі: Беларусь магла б сёння-заўтра змяніць статус адносін з ЕС
"Беларусь магла б сёння-заўтра змяніць статус сваіх адносін з Еўрасаюзам", — заявіў пасол Італіі Арнальда Абеці 3 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.
"Ясна, што за адзін дзень усё не выправіцца, але вызваленне палітычных
зняволеных было б найболей наглядным крокам у гэтым кірунку", — сказаў
дыпламат.
Паводле яго слоў, яшчэ адным станоўчым крокам было б рашэнне Мінска аб
увядзенні мараторыя на смяротную кару. "Трэба паглядзець, ці ёсць
гатоўнасць і палітычная воля дзейнічаць у гэтым кірунку. І гэта не залежыць ад
Еўрасаюза", — адзначыў Абеці.
Адказваючы на пытанне БелаПАН пра пазіцыю Італіі па пытанні магчымага зняцця
візавых санкцый з міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея і яго
запрашэння на саміт Усходняга партнёрства ў Вільнюсе, Абеці сказаў:
"Думаю, што ёсць магчымасці на карысць рашэння гэтага пытання, часткай
чаго з'яўляецца Італія".
Пры гэтым пасол падкрэсліў, што рашэнне аб зняцці візавых санкцый можа быць
прынятае толькі са згоды ўсіх краін-членаў ЕС і пакуль гэтая згода не
дасягнутая. "Гэта не значыць, што пасля заканчэння часу і акалічнасцяў яны
не прыйдуць да адзінага меркавання, — прадоўжыў Абеці. — Думаю, на палітычнай
ніве ўзаемадзеяння з краінай павінен быць галоўны суразмоўца".
Пасол таксама адзначыў, што з моманту візіту ў Беларусь у 2009 годзе італьянскага
прэм'ер-міністра Сільвіа Берлусконі, нягледзячы на змену ўрада Італіі, яе
цікавасць да Беларусі не знікла. "Але з моманту візіту былі яшчэ
прэзідэнцкія выбары ў снежні 2010 года. Мы ўсе добра праінфармаваныя пра гэтую
падзею і ведаем, што яна паўплывала на запаволенне адносін Беларусі і
Еўрасаюза, якія ў той момант знаходзіліся ў стадыі паляпшэння", — заўважыў
італьянскі дыпламат.
Абеці таксама падкрэсліў, што на чалавечым узроўні адносіны паміж Беларуссю і
Італіяй "па-ранейшаму проста выдатныя". "Існаванне ж пэўнага
напружання ў палітычным плане з'яўляецца прычынай для шкадавання", —
рэзюмаваў пасол.