Мінскі гарадскі суд пакінуў прысуд журналістам Барбарычу і Ярашэвічу ў сіле
Суддзя Мінскага гарадскога суда Валер Камісараў пакінуў абвінаваўчы прысуд журналістам, не заўважыўшы істотных парушэнняў у справах, паведамляе прэс-служба ГА «БАЖ». Апроч гэтага у часе касацыйнага працэсу журналістам забаранілі весці відэаздымку.
У сваіх скаргах на ранейшы прысуд затрыманыя 26 красавіка пасля дазволенай уладамі акцыі «Чарнобыльскі шлях» журналісты рабілі акцэнт на вялікай колькасці недакладнасцяў і парушэнняў, якія мелі месца.
Апроч гэтага Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч падкрэслілі, што сведкі з боку міліцыі былі зацікаўленыя ў прызнанні журналістаў вінаватымі, бо панясуць адміністратыўную адказнасць у выпадку апраўдання сябраў ГА «БАЖ». Апроч гэтага журналісты падрабязна распавялі пра акалічнасці затрымання і дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.
У прыватнасці, пра тое, што міліцыянты не прадстаўляліся затрыманым, не тлумачылі прычыны затрымання, не далі магчымасці азнаёміцца з пратаколам адміністратыўнага парушэння і нават не змаглі ў судзе дакладна паведаміць месца затрымання.
Таксама журналісты нагадалі суддзі пра хуткі візіт у Беларусь Прадстаўніцы АБСЕ па справах СМІ Дуньі Міятавіч і выказалі спадзеў, што сённяшняе рашэнне будзе паказальным напярэдадні візіту.
Нягледзячы на гэта суддзя Валер Камісараў «не знайшоў падставаў» адмяніць адміністратыўнае пакаранне. Журналісты Генадзь Барбарыч і Аляксандр Ярашэвіч з такім рашэннем не згодныя і маюць намер абскардзіць яго ў Вярхоўным судзе.