viasna on patreon

У Магілёве суд не знайшоў таго, хто абазваў БСДП “бандай”

2013 2013-05-31T16:28:16+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bsdpg-logo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тым часаў у актывістаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) няма сумневу – гэта зрабіў начальнік магілёўскіх інтэрнатаў “Магілёўаблсельбуда” Павел Шышоў.

Сёння, 31 траўня, скончыўся судовы працэс, ініцыятарам якога была БСДП і яе сябра Мікалай Залозны. Пасля чатырох судовых пасяджэнняў суд Ленінскага раёна Магілёва ў асобе суддзі Андрэя Юрчанкі не здолеў устанавіць асобу, якая здзейсніла паклёп на адну з настарэйшых беларускіх партый.

Нагадаем, што прычынай судовай спрэчкі стаў матэрыял, размешчаны ў інтэрнэце “У Магілёве з інтэрната высяляюць сацыял-дэмакрата Мікалая Залознага”, які быў зроблены карэспандэнтам БелаПАН Алесем Асіпцовым і размешчаны на сайце інтэрнэт-газеты naviny.by 28 сакавіка 2013 года. У прыватнасці, падчас размовы Павел Шышоў, каментуючы працэс высяленне Мікалая Залознага з падначальнага яму інтэрнату, паведаміў, што “ён знаходзіцца ў гэтай бандзе Грамада. Гэта яго партыя”.

Пасля гэтага БСДП і Мікалай Залозны падалі іскі ў суд аб абароне дзелавой рэпутацыі юрыдычнай асобы і абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Мікалая Залознага.

У суддзе Павел Шышоў паведаміў, што сапраўды яму нехта тэлефанаваў і пытаўся пра Мікалая Залознага, аднак партыю бандай ён не называў. Акрамя таго, чалавек, які званіў, не прадставіўся, не паведаміў, з якога ён сродка масавай інфармацыі і не папярэджваў, што будзе весці аўдыёзапіс размовы.

Пасля таго, як у зале суда быў праслуханы аўдыёрэпартаж Алеся Асіпцова, Павел Шышоў сказаў, што голас на запісу належыць не яму і што гэта з’яўляецца нічым іншым як мантажом.

Словы Паўла Шышова пацвердзіў юрыст “Магілёаблсельбуда” Гарбузаў, які падчас тэлефоннай размовы з журналістам, нібыта, прысутнічаў побач і ўсё чуў.

Пракурор Палякова і суддзя Юрчанка некалькі разоў хацелі павярнуць справу так, што ва ўсім вінавата інфармацыйная кампанія БелаПАН, што яны размясцілі на сваім сайце матэрыял, які ганьбіць дзелавую рэпутацыю БСДП і абражае Мікалая Залознага.

Суддзя Юрчанка таксама адмовіў у праслухоўванні рабочага запісу інтэрвью, якое ў судзе было прадастаўлена журналістам Алесем Асіпцовым. Менавіта з гэтага рабочага запісу размовы з Паўлам Шышовым быў зроблены аўдыёрэпартаж. Там дакладна чуваць, што званіўшы журналіст прадстаўляецца, называе СМІ, якое ён прадстаўляе, а таксама пытаецца дазволу на запіс дадзенай размовы. На запісе чуваць, што Шышоў адкугаецца на пытанні Алеся Асіпцова, сам прадстаўляецца і месцамі даволі эмацыйна выказваецца ў адрас Мікалая Залознага.

Таксама суддзя Юрчанка не задаволіў хадайніцтва прадстаўніка ад БСДП у суддзе Ігара Барысава аб накіраванні рабочага запісу інтэрвью і аўдыёрэпартажа на фонаскапічную экспертызу. Пасля гэтага хадайніцтва паступіла хадайніцтва аб адводзе суддзі Юрчанкі і пракурора Паляковай, якое таксама не было задаволена.

Рашэнне суда каментуе намеснік старшыні БСДП Ігар Барысаў.

“Шышоў хоць і з’яўляецца афіцэрам міліцыі, палкоўнікам запаса, аднак паводзіць сябе далёка не як афіцэр. Я лічу, што калі б ён быў сапраўдным мужыком, то трымаў бы адказ за свае словы. Сказаў – прызнаў-выбачыўся! Усім зразумела, у тым ліку суддзі Юрчанку і пракурору Паляковай, што нашу партыю абзываў бандай менавіта ён і таму ёсць прамыя доказы. Рашэнне для суддзі Юрчанкі не было лёгкім, бо тут замяшана палітыка. Было заўважна як ён, пракурор і сам Шышоў падчас суду хваляваліся”, - гаворыць Ігар Барысаў.

Намеснік старшыні БСДП кажа, што Шышоў разам са сваім юрыстам Гарбузавым падчас перапынкаў неаднаразова хацеў уцягнуць яго, Мікалая Залознага і праваабаронцу Барыса Бухеля ў палеміку.

“Падсоўваў нейкія раздрукоўкі з сайтаў, якія маюць сямігадовыя тэрміны даўніны, казаў, што наша партыя развальваецца. Спрабаваў выдаць Міколу Статкевіча і Сяргея Марцалева за сябраў нашай партыі. Паказваў раздрукоўку, што Мікалай Залозны ўваходзіў у ініцыятыўную групу Міколы Статкевіча падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў і г.д. Калі б чалавек арыентаваўся ў палітыцы і знаходзіўся ў курсе ўсіх падзей, такога б вінегрэту ў яго б не ўзнікла. Я думаю, што ён сам ужо пачынае верыць у тое, што ў яго не было размовы з Алесем Асіпцовым, і ён сам не называў нашу партыю бандай”, - гаворыць Ігар Барысаў.

Праваабронца Барыс Бухель адзначае, што няма сумневу ў тым, што рашэнне суда палітычна матываванае.

“Суд пазбавіў БСДП і Мікалая Залознага сродкаў даказвання, а потым сам абвінаваціў іх у тым, што яны не прадаставілі доказаў, хаця былі неаднаразовыя хадайніцтвы праслухаць рабочы аўдыё запіс размовы журналіста Алеся Асіпцова з Паўлам Шышовым і правесці фонаскапічную экспертызу гэтых запісаў. Калі б гэтыя хадайніцтвы былі задаволены, то ўсё стала яшчэ больш бы відавочным”, - гаворыць Барыс Бухель.

 Тым часам актывісты БСДП маюць намер абскардзіць судовае рашэнне ў абласным судзе, дабіцца фонаскапічнай экспертызы, а таксама выкласці ў сацыяльныя сеткі рабочы аўдыёзапіс размовы журналіста Алеся Асіпцова з Паўлам Шышовым.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства