Алеся Бяляцкага караюць харчаваннем
Палітзняволены кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Вясна" Алесь Бяляцкі па-ранейшаму працуе ў Бабруйскай калоніі №2 на вытворчасці. А ўвесь вольны час аддае творчай працы. Па словах яго жонкі Наталлі Пінчук, яна атрымала ад мужа ліст, датаваны 23 мая. Ён піша, што атрымаў пасылку з рэчамі, якую Наталля Пінчук перадала яму ў сярэдзіне мая. Тады ж яна даведалася, што Бяляцкі ў якасці пакарання на паўгода пазбаўлены прадуктовай перадачы.
- Што тычыцца яго паўсядзённага жыцця, то ён па-ранейшаму працуе на швейнай вытворчасці, займаецца пакаваннем той прадукцыі, якую яны выпускаюць. Гэтая праца і забірае яго асноўны час. Разам з тым, калі выпадае вольная гадзіна, ён знаёміцца з літаратурай, якая выходзіць гэтым часам у Беларусі.
Наталля Пінчук атрымала віншаванні ў сувязі з пераабраннем Алеся Бяляцкага віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. Абранне адбылося на 38-м кангрэсе федэрацыі, які праходзіў у сталіцы Турцыі Стамбуле.