Ігар Аліневіч меў кароткатэрміновае спатканне з бацькамі
Палітвязень Ігар Аліневіч сустрэўся са сваімі бацькамі. Адміністрацыя Наваполацкай калоніі дазволіла яму кароткатэрміновае спатканне. Пра гэта Рацыі паведаміла маці зняволенага грамадскага актывіста Валянціна Аліневіч. Па яе словах, за кратамі Ігар не губляе пачуццё гумару і бадзёрасці духа.
Валянціна Аліневіч:
- Я не пабачыла на ягоным твары слядоў пакуты і замардаванасці. Ігар выглядае бадзёрым і спакойным. Мне з мужам вельмі прыемна гэта бачыць. Па меншай меры, гэтую ноч, пасля таго, як я пабачыла Ігара на свае вочы, спала як дзіця.
Ігар Аліневіч быў асуджаны да васьмі гадоў пазбаўлення волі па так званай “справе анархістаў”. На пачатку вясны быў выдадзены ягоны турэмны дзённік “Еду ў Магадан”. Урыўкі з твора можна пачуць на хвалях нашага радыё кожную суботу ў 11:50.