Брэст: дэпутатаў гарсавету заклікаюць падтрымаць малы памежны рух з Польшчай
На адрас мясцовых
народных абраннікаў ад імя жыхароў Брэста дасланыя лісты з просьбай дапамагчы ў
паскарэнні рэалізацыі Закона “Аб ратыфікацыі дамовы паміж урадам Рэспублікі
Беларусь і ўрадам Рэспублікі Польшча аб правілах памежнага руху”, якое дае
права мясцовым жыхарам у спрошчаным парадку перасякаць мяжу.
У лістах, накіраваных да ўсіх 40 дэпутатаў Брэсцкага гарсавету, утрымліваецца прапанова агучыць праблемы, што ўзніклі з рэалізацыяй гэтага закона, на чарговай сесіі. Дэпутатаў таксама просяць паспрыяць ў вырашэнні гэтага пытання ў станоўчы бок з дапамогай запытаў у адпаведныя структуры.
Адзін з ініцыятараў складання такіх лістоў Уладзімір Вуек наступным чынам пракаментаваў зварот да народных абраннікаў: “Мы хочам яшчэ раз нагадаць дэпутатам пра актуальнасць пытання малога памежнага руху. Для нас важна пачуць меркаванне кожнага дэпутата. Акрамя таго, мы спадзяемся, што ўсё ж пытанне будзе вынесены на сесію гарадскога савета, дзе будзе прынята рашэнне, якое можа прынесці карысць у рэалізацыі міжурадавай дамовы”.
Варта зазначыць, што яшчэ напрыканцы 2011 года ў Брэсцкі гарвыканкам і гарадскі савет дэпутатаў быў накіраваны зварот, які падпісалі больш за 2200 жыхароў абласнога цэнтру, каб улады садзейнічалі рэалізацыі на практыцы згаданага закона аб правілах памежнага руху.