Валянцін Стэфановіч: «Беларускія ўлады так і не прадэманстравалі пазітыўнай дынамікі ў выкананні ўмоў ЕС»
Намеснік кіраўніка Праваабарончага цэнтра "Вясна" заявіў у інтэрв'ю агенцтву "Інтэрфакс-Захад", што не падзяляе аптымізму дакладчыка Еўрапарламента па Беларусі Юстаса Палецкіса ў тым, што ў апошні час сітуацыя з правамі чалавека палепшылася.
"Інтэнсіўныя кантакты ідуць са снежня мінулага года, сёння ўжо май. Але беларускія ўлады так і не прадэманстравалі якой-небудзь пазітыўнай дынамікі ў выкананні ўмоў ЕС, нічога не мяняецца", - сказаў праваабаронца.
Больш за тое,
адзначыў ён, "Лукашэнка выразна
паўтарае пазіцыю па палітвязнях: хто хацеў, той напісаў прашэнне пра памілаванне
і выйшаў на волю. У гэтым пытанні ён прынцыповы і не згодны на нейкія кампрамісы".
Тым
не менш, працягнуў В.Стэфановіч, у ЕС пытанне палітвязняў - пытанне нумар
адзін. "Яго
вельмі складана абыйсці або аб'ехаць. Усе мы хочам бачыць гэтых людзей на волі,
але, па вялікім рахунку, у глабальным плане іх вызваленне нічога не змяняе.
Сітуацыя застаецца ранейшай, сістэмных зменаў у заканадаўстве, практыцы чакаць
не даводзіцца", - мяркуе намеснік кіраўніка "Вясны".
Ён
не падзяляе аптымізму дакладчыка Еўрапарламента ў тым, што ў апошні час
сітуацыя з правамі чалавека палепшылася. "Вядома,
калі сітуацыю 2012 года параўноўваць з 2011 годам, калі па краіне пайшоў
канвеер судоў пасля снежня 2010 года, калі ў краіне з'явіліся дзесяткі
палітвязняў, то адрозненні ёсць. Але сітуацыю трэба ацэньваць у комплексе і
збалансавана падыходзіць да гэтых пытанняў", - сказаў В.Стэфановіч. Таму
што, лічыць ён, "ніякіх кардынальных
зменаў ні ў 2012, ні ў 2013 годзе не адбывалася. Наадварот, у мінулым годзе мы
сталі сведкамі ўвядзення абмежаванняў на выезд з краіны па палітычных матывах
двух дзесяткаў чалавек", - удакладніў праваабаронца.
Паводле
яго слоў, "калі даклады па пытаннях
выканання правоў чалавека пачынаюць пісаць палітыкі, то з'яўляецца небяспека
нахілу у адзін ці іншы бок у залежнасці ад задач і палітычнай
кан'юнктуры". У
дакладзе Ю.Палецкіса намеснік кіраўніка праваабарончага цэнтра бачыць "спробу ЕС наладзіць які-небудзь дыялог
з Мінскам". "Кантакты
з прадстаўнікамі ЕС мне падказваюць, што людзі адэкватна ацэньваюць сутнасць
палітыкі і дзеянняў беларускіх уладаў. Наўрад ці яны ставяць задачу навучыць
Мінск дэмакратыі. Хутчэй за ўсё, стаіць задача мінімізаваць наступствы
рэпрэсіяў, вызваліць палітзняволеных", - заявіў В.Стэфановіч.
"Большага чакаць не варта. У 2015 годзе
чарговыя прэзідэнцкія выбары, і, па-мойму, для Лукашэнкі было б неабдуманым
ісці на нейкую прыкметную лібералізацыю", - мяркуе намеснік кіраўніка
праваабарончага цэнтра "Вясна".
У
папярэднім дакладзе, падрыхтаваным членам Еўрапарламента Ю.Палецкісам для
еўрапейскіх інстытутаў, рэкамендуецца разгледзець "прыпыненне дзеяння
санкцый ЕС у дачыненні да ключавых беларускіх чыноўнікаў для пашырэння
неабходных дыпламатычных каналаў камунікацыі з Беларуссю з улікам правядзення
саміту Усходняга партнёрства".
Дакладчык
рэкамендуе выкарыстоўваць будучае старшынства Літвы ў ЕС (з ліпеня 2013 года -
ІФ) і саміт Усходняга партнёрства ў Вільні "як унікальную магчымасць для
паляпшэння адносін з Беларуссю, у тым ліку для перазагрузкі палітычнага
дыялогу, у прыватнасці для правядзення дэмакратычных рэформаў, павагі
вяршэнства закона,
правоў чалавека і фундаментальных свабодаў".
Аўтар
дакладу таксама лічыць неабходным падрыхтаваць стратэгічную дарожную карту для
Беларусі, у якой будуць утрымлівацца прапановы па прыярытэтных кірунках
рэформаў у краіне і прапановы па актывізацыі палітычнага дыялогу. Ю.Палецкіс
мяркуе, што ў далейшым гэта можа прывесці да аднаўлення перамоў па новым
ўсёабдымным пагадненні. Акрамя
таго, ён рэкамендуе актывізаваць кантакты з беларускімі чыноўнікамі для
павышэння іх "адкрытасці ў адносінах да ЕС і ўзмацнення супрацоўніцтва
паміж Беларуссю і Еўрасаюзам".