У Магілёве КДБ зацікавілася блогерам
Учора, 21 траўня, невядомы патэлефанаваў на мабільны тэлефон Зміцера Ярмоленкі, прадставіўся супрацоўнікам КДБ і прапанаваў сустрэцца дзеля таго, каб паразмаўляць у нефармальнай абстаноўцы.
Хлопец ад сустрэчы адмовіўся, паведаміўшы, што яна адбудзецца толькі ў тым выпадку,калі ён атрымае на рукі афіцыйную позву.
Супрацоўнік КДБ сказаў, што ў гэтым няма такой вострай неабходнасці, і ён можа прыехаць да размовы на працу ў Гарсвет, дзе працуе Зміцер, аднак сёння ён так і не з’явіўся.
Магілёўскі блогер паведамляе, што дзяржаўныя структуры зацікавілі ягоныя артыкулы пра валанцёрку з Нямеччыны, Марлену Хельш, якая ад верасня мінулага года да сярэдзіны траўня гэтага года працавала ў Магілёўскім фондзе “Блакітныя берагі” з дзецьмі дашкольнага ўзросту і людзьмі з абмежаваннямі.
Сама Марлена ўжо пакінула Беларусь, аднак інтарэс да яе асобы і публікацый на магілёўскім сайце “Свабодны фармат” (http://formats.by) у рубрыцы “Дзённік валанцёра” толькі ўзрос.
Варта адзначыць, што супрацоўнікі КДБ таксама тэлефанавалі ў Магілёўскі фонд “Блакітныя берагі” і пыталіся ў яе кіраўнічкі Святланы Пагірскай, ці ведае яна пра тое, што валанцёрка з Нямеччыны друкуе свае нататкі на сайце “Свабодны фармат”.