viasna on patreon

У Рагачове абяцаюць узнагароду за данос на аўтара графіці «Хопіць бухаць»

2013 2013-05-20T12:34:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/khopic-bukhac.jpg

Рагачоўская раённая газета «Свабоднае слова» апублікавала матэрыял з абяцаннем узнагароды таму, хто дакажа на аўтара надпісаў «Хопіць бухаць».

Артыкул называецца: «Прикрываясь борьбой с алкоголизмом, вандалы уродуют фасады зданий в Рогачеве».

Антыалкагольныя надпісы, выкананыя пад трафарэт, з’явіліся ў розных месцах горада. Газета называе графіці «вандалізмам». Тых жыхароў, хто бачыў, як наносіліся графіці, але адмаўляецца расказаць пра гэта, называюць «саўдзельнікамі злачынства».

«Пакуль невядома, хто прыклаў сваю нячыстую руку да размалявання сцен гарадскіх будынкаў.

Хіба што гэта бессаромныя баязлівыя людзі, якія зрабілі паскудства, і цяпер хаваюцца па цёмных кутах у страху быць злоўленымі добрапрыстойнымі грамадзянамі, — пафасна піша афіцыйная газета. — Калі вы валодаеце якімісьці звесткамі пра гэтых вандалаў, не рабіцеся іх саўдзельнікамі, а перадайце вядомую вам інфармацыю на тэл. 4-30-10».

У якасці ўзнагароды даносчыкам абяцаюць бясплатны паход на дыскатэку ў клуб «Прамень».

На думку дырэктаркі кінатэатра, вандалы сваім надпісам парушылі хараство.

«У рамках правядзення абласных «Дажынак» на рамонт кінатэатра, у тым ліку на рэканструкцыю і афарбоўку фасада, было затрачана больш за 150 мільёнаў рублёў.

Для таго, каб выправіць шкоду, прычыненую невядомымі асобамі вонкавым абліччы кінатэатра, трэ' будзе правесці складаную працу. Мала таго, што спатрэбяцца дадатковыя сродкі, дык яшчэ падабраць патрэбнае адценне фарбы будзе няпроста — у адваротным выпадку прыйдзецца перафарбоўваць ледзь не ўвесь фасад», — наракае дырэктарка «Рагачоўкінавідэасетка» Алена Мельнікава.

Знайшлі праблему, карацей…

Беларускія ўлады баяцца любой несанкцыянавай актыўнасці.

Здараліся выпадкі, калі людзей штрафавалі за раздачу бясплатнай ежы бедным, за ўстаноўку помніка ці правядзенне жартаўлівай «бітвы падушкамі» ў парку.

Кампанію «Хопіць піць! Трэба жыць» праводзілі хрысціянскія дэмакраты, нацыянальныя актывісты і незалежныя суполкі моладзі.

На Гомельшчыне яна была асабліва актыўнай, бо і сацыяльныя праблемы ў рэгіёне адны з найбольшых. Па ўзроўні злачыннасці, паказчыках здароўя і дэмаграфіі, колькасці абортаў Гомельшчына нашмат абганяе заходнія вобласці краіны.

Стэнсілы «Хопіць бухаць» з’явіліся ў Рагачове ў ноч на 9 мая.

Артыкул у «Свабодным слове» спарадзіў вялікую колькасць каментароў. Сярод іншага, рагачоўцы адзначаюць, што недалёка ад надпісаў «Хопіць бухаць» каля дыскатэкі «Прамень» намаляваная фашысцкая свастыка. Яна, аднак, такога адміністратыўнага свербу не выклікала.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства