viasna on patreon

У спрэчцы за зямлю магілёўскі суд стаў на бок фермера-дэпутата

2013 2013-05-08T15:32:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudovaja_zala.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Судовая зала.

Судовая зала.

Сёння, 8 траўня, суд Ленінскага раёна Магілёва ў асобе суддзі Алены Дыбленка не задаволіў скаргу жыхара вёскі Нядашава-2 Магілёўскага раёна Магілёўскай вобласці Дзмітрыя Яўстратава на рашэнне мясцовага райвыканкама аб выдзяленні зямлі агульнага карыстання без правядзення грамадскіх слуханняў фермеру Юрыю Коршунаву.

У судзе стала вядома, што адсутнічае механізм уліку грамадскай думкі пры перадачы зямлі агульнага карыстання, хаця гэты абавязак і прапісаны для дзяржаўных органаў. Пра гэта паведаміў начальнік юрыдычнай землеўпарадкавальнай службы Магілёўскага аблвыканкама Эдуард Пракапенка, які прысутнічаў на судовым пасяджэнні ў якасці прадстаўніка зацікаўленых асобаў.   

Дзмітрый Яўстратаў з такім рашэннем не згодны і збіраецца яго абскардзіць у Магілёўскім абласным судзе.

“У некаторай ступені вырак суду чаканы, аднак я і надалей буду дамагацца таго, каб у нашай дзяржаве адбываўся ўлік грамадскай думкі, як таго патрабуе існуючы закон. Рашэнне суду Ленінскага раёна буду абскарджваць адразу пасля таго, як атрымаю на рукі матываваную чыстку да яго рашэння”, - гаворыць Дзмітрый Яўстратаў.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што суддзя Алена Дыбленка ў сваім рашэнні падмяніла паняцце абароны права на ўдзел у прыняцці грамадсказначных рашэнняў на права карыстання зямлёй.

“Суддзя адзначыла, што калі Яўстратаву спрэчны зямельны ўчастак не прадастаўляўся, а таксама, што райвыканкамам не прымаліся рашэнні аб прыпыненні ім правакарыстання, а таксама не выношалася адмова ў яго прадастаўленні, то таму ў вяскоўца ў гэтай справе, нібыта, няма інтарэсу.

Аднак, Яўстратаў патрабаваў ад суда адмяніць рашэнне райвыканкама аб перадачы зямлі ў арэнду фермеру не па гэтых абставінах, а таму, што парушана яго права і іншых людзей у прыняцці рашэння з нагоды гэтай незаконнай перадачы зямлі”, - гаворыць Барыс Бухель.   

Праваабаронца адзначае, што вырак суду сведчыць пра тое, што Указы і іншыя падзаконныя акты прэзідэнта вышэй за Канстытуцыю, Водны і Зямельны Кодэксы.

Нагадаем, што раней Магілёўскі абласны суд адмяніў пастанову Ленінскага раённага суда з нагоды непадсуднасці скаргі Дзмітрыя Яўстратава суду і адправіў справу ў суд першаснай інстанцыі на новы разгляд.

Варта дадаць, што фермер Юрый Коршунаў з’яўляецца кіраўніком магілёўскай абласной асацыяцыі фермераў, а таксама дэпутатам сельскага і раённага Саветаў дэпутатаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства