Гомельская міліцыя палохае грамадзян напярэдадні святаў
9 мая ў Гомелі пройдзе шэраг святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня Перамогі – мітынгі, шэсці, канцэрты, выставы. Гомельская міліцыя выступіла напярэдадні святаў з папярэджаннем да грамадзян у тым сэнсе, што наведванне масавых мерапрыемстваў «можа ўтойваць у сабе вялікія пагрозы»
У памятцы апісваецца, як павінен сябе весці грамадзянін на «свяце». У прыватнасці, захоўваць грамадскі парадак, паводзіць сябе паважліва ў адносінах да іншых грамадзян, выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а пры атрыманні інфармацыі аб эвакуацыі дзейнічаць паводле ўказанняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, захоўваць спакой і не ствараць панікі. Ужо страшна ісці на такое свята!
Паводле міліцыі, удзельнікам масавага мерапрыемства забараняецца: «дапускаць выкрыкі ці іншыя дзеянні, якія абражаюць гонар і годнасць іншых людзей, праносіць забароненыя да абароту прадметы і рэчывы, агнястрэльную і халодную зброю, колючыя, рэжучыя, а таксама іншыя прадметы, якія могуць быць выкарыстаны для нанясення цялесных пашкоджанняў, піратэхнічныя вырабы, вогненебяспечныя, атрутныя і раздражняльныя слізістыя абалонкі чалавечага арганізма рэчывы, алкагольныя напоі, піва, напоі і прадукцыю ў шкляной і металічнай тары; буйнагабарытныя скруткі, сумкі і іншыя прадметы, якія замінаюць іншым удзельнікам».
Нельга таксама «выкідваць прадметы на трыбуну, сцэну і іншыя месцы выступленняў удзельнікаў масавага мерапрыемства, а таксама здзяйсняць іншыя дзеянні, якія парушаюць парадак правядзення масавага мерапрыемства, здзяйсняць дзеянні, якія абражаюць іншых грамадзян».
Нельга і «выкарыстоўваць плакаты і іншую дэманстрацыйную прадукцыю з любых матэрыялаў, якія дэманструюць ўмоўныя абазначэнні, сімволіку, лозунгі, накіраваныя на распальванне расавай, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і іншай нянавісці і варожасці».
Толькі ў мінулым годзе на свята 9 мая па Гомелі ў афіцыйнай калоне насілі партрэт Сталіна, які абражаў пачуцці многіх людзей, сваякі якіх пацярпелі ад рэпрэсій, ды ўладам не было да гэтага ніякай справы.