Брэст: абласны суд не задаволіў скаргу незалежнай журналісткі
Фотакарэспандэнт газеты “Брестский курьер” Мілана Харытонава спрабавала дамагчыся перагляду рашэння суда Маскоўскага раёну г.Брэста наконт абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.
Адказчыкам па гэтай справе з’яўляецца карэспандэнт дзяржаўнага выдання “Брестский вестник” Уладзімір Міневіч, які ў мінулым годзе змясціў зневажальныя каментары ў дачыненні да незалежнай фотажурналісткі на адным з інтэрнэт-парталаў. Суд першай інстанцыі адхіліў пазоў Харытонавай, спаслаўшыся на тое, што адказчык мае канстытуцыйнае права на свабоду слова.
6 мая, падчас разгляду касацыйнай скаргі ў абласным судзе, Мілана Харытонава спрабавала давесці, што нават у лінгвістычнай экспертызе, зробленай па замове суда, было пазначана, что выкарыстаныя Міневічам выказванні могуць абурыць чалавека, прынізіць яго гонар і годнасць. Тым не менш, абласны суд пакінуў без зменаў рашэнне суду Маскоўскага раёна г.Брэста.
Незалежная журналістка ўпэўненая, што калі б такія выказванні тычыліся каго-небудзь з чыноўнікаў ці тых жа суддзяў, справа мела б зусім іншы вынік. Мілана Харытонава паведаміла, што мае намер працягваць абскарджваць, на яе погляд, неабгрунтаванае і палітычна матываванае рашэнне.