viasna on patreon

МІЖНАРОДНАЯ ФЭДЭРАЦЫЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА (FIDH) ВЫКАЗВАЕ ГЛЫБОКУЮ ЗАНЕПАКОЕНАСЬЦЬ СЫТУАЦЫЯЙ З АСНОЎНЫМІ ПРАВАМІ І СВАБОДАМІ Ў БЕЛАРУСІ. Падсумаваньне: • Зьнікненьні палітычных апанэнтаў і незалежных журналістаў • Перасьлед грамадзянскай супольнасьці і палітычных апанэнтаў • Свабода незалежных СМІ • Абмежаваньне дзейнасьці рэлігійных арганізацыяў • Высновы: FIDH заклікае беларускія ўлады...

2003 2003-08-15T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

АДКРЫТЫ ЛІСТ СПАДАРУ АЛЯКСАНДРУ ЛУКАШЭНКУ, ПРЭЗЫДЭНТУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

Падсумаваньне:
• Зьнікненьні палітычных апанэнтаў і незалежных журналістаў
• Перасьлед грамадзянскай супольнасьці і палітычных апанэнтаў
• Свабода незалежных СМІ
• Абмежаваньне дзейнасьці рэлігійных арганізацыяў
• Высновы: FIDH заклікае беларускія ўлады...

Парыж, 11 жніўня 2003

Міжнародная Фэдэрацыя Правоў Чалавека (FIDH) выказвае глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй з асноўнымі правамі і свабодамі ў Беларусі. 17 красавіка 2003 году Камісія ААН па Правах Чалавека прыняла Рэзалюцыю 2003/14 аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі й шэраг рэкамэндацыяў Ураду. Нягледзячы на прынятую Рэзалюцыю, парушэньні правоў чалавека працягваюцца, а ў пэўных кірунках іх памеры нават узрасьлі.

Зьнікненьні палітычных апанэнтаў і незалежных журналістаў
Дасьледваньні выпадкаў зьнікненьня грамадзкіх дзеячоў, якія здарыліся ў 1999 і 2000 годзе, былі прыпыненыя. У студзені 2003 Генэральная Пракуратура прыпыніла як “беспэрспэктыўныя” дасьледваньні зьнікненьняў грамадзкіх дзеячоў, што адбыліся ў 1999 і 2000 гадах, -- віцэ-спікера Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага й былога Міністра унутраных справаў Юрыя Захаранкі.
Што датычыць дасьледаваньня справы апэратара ОРТ Зьмітра Завадскага, яно было прыпыненае ў лютым 2003, паколькі “зьніклы ня можа быць знойдзены”. Слуханьні ў Мінскім Абласным судзе па спарве так званай “групы Ігнатовіча” (кастрычнік 2001 – сакавік 2002) не праліў сьвятла на гэтае зьнікненьне. 14 сакавіка 2002, у канцы закрытага суда, В. Ігнатовіч і М. Малік, былыя службоўцы брыгады асаблівага прызначэньня “Алмаз”, зьвінавачаныя ў выкраданьні журналіста, былі асуджаныя да пажыцьцёвага зьняволеньня. Сумневы ў віне падсудных базуюцца на некалькіх парушэньнях асноўных правіл юрыдычнай працэдуры й даволі супярэчлівых паказаньнях. Таму судовы вердыкт можа разглядацца як спроба паведаміць грамадзтву, што справядлівасьць была адноўленая.
FIDH вітае аднаўленьне ў ліпені 2003 году сьледзтва па справах зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага і прызначэньне новага сьледчага. Аднак, мы занепакоеныя тым, што 29 ліпеня новы сьледчы адмовіўся сустракацца з жонкай Красоўскага ў прысутнасьці яе прадстаўніка. Акрамя гэтага, FIDH нагадвае, што сьледзтва па справах зьнікненьня Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадскага не было адноўленае.
FIDH надзвычайна заклапочаная беспакаранасьцю злачынцаў.

Перасьлед грамадзкай супольнасьці й палітычных апанэнтаў

FIDH з заклапочанасьцю зазначае, што асобы, якія маюць адрозныя меркаваньні або крытыкуюць улады, часта падвяргаюцца ўціску, у прыватнасьці, адвольным арыштам і затрыманьням.

Паводле “Вясны”, якая зьяўляецца нашым партнэрам у Беларусі, у сакавіку многія з палітычных апанэнтаў былі арыштаваныя за ўдзел у акцыі “Марш за лепшае жыцьцё”, зарганізаваным прыватнымі прадпрымальнікамі супраць незадавальняючага сацыяльнага й эканамічнага становішча й уціску прыватных ініцыятываў. Масавыя арышты адбыліся 25 сакавіка 2003, пад час Сьвяткаваньня Дня Волі, прысьвечанага чарговай гадавінае абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Сьвята не прызнаецца беларускімі ўладамі, бо яны лічаць, што яно супярэчыць “афіцыйнай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасьці”. У выніку многія дэманстранты былі асуджаныя на тэрміны да 14 сутак арышту.

У траўні 2003 году Аксана Новікава, 29 -гадовая прыватная прадпрымальніца, была асуджаная да двух гадоў зьняволеньня з адтэрміноўкай за распаўсюд улётак, у якіх яна абвінавачвала Прэзідэнта Лукашэнку ў цяжкіх злачынствах. Гэты факт – яшчэ адзін доказ таго, што асобаў, якія сваёй дзейнасьцю падрываюць аўтарытэт беларускіх уладаў, прымушаюць змоўкнуць. З 2001 году па арт. 367 КК РБ (паклёп на Прэзідэнта) было абвінавачана, ці прыцягнута да крымінальнай адказнасьці 21 грамадзянін Беларусі.

Прафесар Юры Бандажэўскі ўжо правёў у турме 2 гады з тых васьмі, на якія ён быў асуджаны па палітычных матывах.

Больш за тое, з красавіка 2003 ціск на недзяржаўныя арганізацыі надзвычай узмацніўся. Як падаецца, была распачалася новая кампанія дзяржаўнага перасьледу НДА.

Існуе шмат метадаў запужваньня й перасьледу праваабаронцаў. Часта гэта адміністратыўны перасьлед або юрыдычная ліквідацыя з-за нібыта адміністратыўных недахопаў. Напрыклад, “Ратуша”, рэгіянальнае НДА, была ліквідаваная за выдавецкую дзейнасьць без адпаведнага дазволу; Агенцтва Рэгіягальнага Разьвіцьця “Варута” было зьліквідаванае толькі за выкарыстаньне скарочанае назвы сваёй арганізацыі ва ўнутранай дакумэнтацыі.
“Вясна” таксама зьяўляецца прыкладам дзяржаўнага ціску -- нядаўна пяць зь ейных аддзяленьняў сутыкнуліся з праверкам і пагрозамі праверак. Па выніках праверкі абласныя упраўленні юстыцыі накіроўваюць у Міністэрства Юстыцыі даведкі, дзе ўказваюць на знойдзеныя недахопы ў справаводзтве.Аднак да гэтых пор Міністар Юстыцыі ніяк не адрэагаваў на дасланыя матар’ялы.

Свабода незалежных СМІ

Нядаўнія падзеі паказваюць, што ўлады дасюль спрабуюць кантраляваць і цэнзураваць незалежныя СМІ. Усё большая колькасьць незалежных газет прыпыняецца або ліквідуецца судовымі рашэньнямі з-за меркаваных адміністратыўных парушэньняў альбо папярэджаньняў, атрыманых за артыкулы. Некаторыя з гэтых газет спынілі сваё існаваньне, паколькі падвяргаліся працягламу перасьледу й мэтанакіраваным дзеяньням, якія зрабілі іх выхад практычна немагчымым, хаця гэта й не было забаронена юрыдычна. Вось некалькі прыкладаў.

У траўні 2003 “Белорусская Деловая Газета” (“БДГ”) была прыпыненая на тры месяцы пасьля двух папярэджаньняў за артыкулы з крытыкай Прэзідэнта Лукашэнкі й зьвестакамі аб крымінальных справах. Міністэрства Інфармацыі прыпыніла выданьне на тры месяцы ў той час, калі яшчэ не было судовага рашэньня па зыску рэдакцыі “БДГ”. У чэрвені рэпрэсіі супроць “БДГ” працягваліся, што пацьвярджаецца затрыманьнем сямі мікрааўтобусаў, якія везьлі газэту з тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, а таксама канфіскацыяй 1 600 асобнікаў газеты, выдадзеных пад шапкай “Предпринимательскай Газеты”. “Предпринимательская Газета” была прыпыненая на два месяцы пасьля артыкула “Беззаконие в законе”, якім, паводле намесьніка міністра інфармацыі, газета парушыла закон, апублікаваўшы непраўдзівую інфармацыю. Прыпыненьне “Предпринимательской Газеты” пазбаўляе журналістаў “БДГ” магчымасьці данесьці свае погляды да чытачоў. Больш за тое, за размяшчэньне на сваіх старонках матэрыялаў былых журналістаў “Белорусской Деловой Газеты” прыпыненае выданьне газет “Эхо” і “Салідарнасць”.

Нацыянальныя ўлады часам таксама атакуюць журналістаў напрамую. У чэрвені 2003 Павел Селін, старшыня Менскай карэспандэнцкага пункту расейскага канала НТВ, быў дэпартаваны зь Беларусі й пазбаўлены права на ўезд у краіну на пяць гадоў за рэпартаж пра арышты ўдзельнікаў мірнага жалобнага сходу з нагоды сьмерці беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Міністэрства Унутраных Справаў палічыла гэты рэпартаж “правакацыйным і лжывым”.

Міністэрства Інфармацыі таксама загадала старшыням усіх FM радыё станцый дасылаць поўныя тэксты сваіх паведамленьняў і плэй-лістоў напрыканцы кожнага працоўнага дня дзеля засьцярогі ад парушэньняў беларускага заканадаўства. Гэта яўная спроба кантраляваць зьмест радыёперадач несумнеўна будзе выкарыстоўвацца як сродак цэнзуры.

Абмежаваньне дзейнасьці рэлігійных арганізацый

За некалькі мінулых месяцаў беларускія ўлады ўсё больш стараюцца абмежаваць дзейнасьць цэркваў і такім чынам абмежаваць права на аб’яднаньне й свабоду сумленьня.

У прыватнасьці, у некаторых выпадках улады спасылаюцца на адміністратыўныя праблемы, каб апраўдаць сваё ўмяшальніцтва ў рэлігійныя сходы. Справа прэсбітэра Баптысцкай Эвангельскай Царквы падцьвярджае гэтую тэндэнцыю. Міліцыя намагалася прыцягнуць прэсбітэра да адміністратыўнай адказнасьці за адсутнасьць вадаправоду й запаснога выхаду ў памяшканьні, дзе той праводзіў сходы й сьцьвярджала, што паводле закона “Аб свабодзе сумленьня й рэлігійных арганізацыях”, прынятага 17 сьнежня 1992 году з зьменамі 31 лістапада 2002 году, рэлігійныя арганізацыі абавязваюцца прасіць у мясцовых выканаўчых ворганаў дазволу на сустрэчы ў прыватных дамох для сумесных малітваў і вывучэньня Бібліі. Патрабаванне аб дазволе мясцовай адміністрацыі на правядзенне набажэнстваў у прыватных жылых памяшканьнях закладзена ў арт. 25 новай рэдакцыі закона “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” . За правядзеньне несанкцыянаванага сходу згодна з арт. 167 КоАП РБ прадугледжваецца адміністратыўная адказнасьць у выглядзе штрафаў і арышту да 15 сутак.

Больш таго, 30 сьнежня 2002 Камітэт па справах рэлігій і нацыянальных меншасьцяў прыняў “Метадалагічныя рэкамендацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі й перарэгістрацыі рэлігійных арганізацый”, якія зьмяняюць працэдуру рэгістрацыі рэлігійных арганізацый. У лютым 2003 Камітэт праінфармаваў Хрысьціянаў Поўнага Эвангельля, што тыя арганізацыі, якія былі зарэгістраваныя перад прыняцьцем гэтых рэкамендацый, павінны прайсьці перарэгістрацыю. Акрамя таго, у пастанове адзначаецца, што ўлады могуць запатрабаваць дадатковыя матэрыялы зь пералічаных у рэкамендацыях і могуць прыпыніць рэгістрацыю да іх атрыманьня.

Аднак, як заўважыла FIDH, Артыкул 18 вышэйзгаданага закона ўтрымлівае поўны сьпіс дакументаў, неабхлдных для рэгістрацыі й не прадугледжвае для ўладаў магчымасьці патрабаваць нейкія дадатковыя дакументы. Больш таго, згодна з чацьвертай часткай Артыкула 65 закона “Аб нарматыўных і юрыдычных актах Рэспублікі Беларусі”, нарматыўныя акты, што датычаць грамадзянскіх правоў, свабод і абавязкаў, уступаюць у сілу толькі пасьля іх афіцыйнай публікацыі, у той час як “Метадалагічныя рэкамендацыі... “ апублікаваныя не былі.

У сувязі з вышэйпералічаным, FIDH заклікае беларускія ўлады:

-- узнавіць дасьледаваньне справы аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадскага, а таксама прадпрыняць усе неабходныя меры дзеля таго, каб вінаватыя былі асуджаныя й пакараныя аб’ектыўным і непрадузятым судом;
-- Правесьці ў поўным аб’ёме аб’ектыўнае і эфэктыўнае сьледзства па справах аб зьнікненьнях Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага;
-- спыніць перасьлед і запалохваньне іншадумцаў і недзяржаўных арганізацый;
-- спыніць перасьлед і запалохваньне незалежных журналістаў, гарантаваць свабоду выяўленьня й свабоду прэсы;
-- устрымацца ад стварэньня новых абмежаваньняў дзейнасьці рэлігійных арганізацый дзеля павагі і захаваньня свабоды сумленьня.

FIDH таксама заклікае беларускі ўрад цалкам выконваць Рэзалюцыю па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама свае міжнародныя абавязацельствы.

Сідзікі КАБА (Sidiki KABA)
Прэзыдэнт

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства