viasna on patreon

Пастанова вайсковага суда: Акім Бянеш вызвалены ад крымінальнай адказнасці, следства спынена

2013 2013-04-30T12:21:03+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akim-bianesh.jpg

Сёння каля 12-й у Мінскім міжгарнізонным вайсковым судзе мае быць вынесены прысуд па справе 20-гадовага салдата Акіма Бянеша, які супраціўляўся дзедаўшчыне.

Паводле суддзі, супрацьпраўныя дзеянні былі здзейсненыя ў адсутнасці іншых вайскоўцаў і не мелі сваёй падставай парушэнне вайсковых традыцый.

Парушэнне статута

Акім праходзіў па артыкуле 443 ч. 1 КК «Парушэнне статутных правіл узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці». Максімальна прадугледжанае пакаранне — 6 месяцаў арышту ці 4 гады пазбаўлення свабоды. Суд пачаўся 22 красавіка. 

«Справа на сына была заведзена 15 лістапада. Але самі падзеі адбыліся значна раней, — расказвае Алег Бянеш. — У мяне ёсць дакументы, дзе пералічаны імёны дванаццаці чалавек, на якіх можна было заводзіць справу. Аднак яе завялі толькі на майго сына», — гаруе ён. Акрамя Акіма Беняша, крымінальная справа была заведзеная яшчэ на аднаго салдата, іншыя вайскоўцы атрымалі пракурорскія папярэджанні. «Іх раздавалі як крыўдзіцелям, так і пацярпелым — за тое, што не даклалі», — расказвае Бянеш-старэйшы.

Трошкі пабіліся

Бацьку сітуацыя бачыцца так: «У «вучэбцы» ўсё было добра, але ў вайсковай часці 30151 у Фаніпалі пачаліся праблемы са стараслужачымі, «дзядамі».

Мы ў Акіма заўважалі драпіны на твары. Галава была пабіта. Я прывёз яму гамбургер, бачу: ён есць, а з губы кроў цурчыць. Ён аднекваўся, маўляў, нічога сур’ёзнага, трошкі пабіліся. Я размаўляў з кіраўніцтвам часці, і яны абяцалі ўрэгуляваць канфлікт».

Збівалі калектыўна

«Маладых салдатаў збівалі калектыўна, — сцвярджае Алег Бянеш. — На Акіма накінуліся 4 чалавекі. А ў сына моцнае пачуцце справядлівасці, і ён пачаў аказваць супраціў. На жаль, ён не бачыў іншага выйсця як біцца ў адказ. Ён адлоўліваў крыўдзіцеляў па адным і выходзіў з імі «на разы», як мужчына з мужчынам.

Вакол яго пачалі гуртавацца іншыя маладыя салдаты», — расказвае сп.Бянеш.

Але, прызнае ён, атрымаць сведчанні ў абарону было амаль немагчыма: «маладняк» баіцца.

Па ягоных словах, кіраўніцтва не прадпрымала належных мераў. «Справу заводзяць па факце, калі бачны сляды збіцця. Б’юць салдату у грудзі — візуальна нічога не заўважна. А вось паламаная рука ці фінгал — іншая рэч. Мой сын паставіў «дзеду» сіняк пад вокам — на яго і завялі справу».

Справу ініцыяваў афіцэр.

Бянеш-бацька наракае, што Следчы камітэт не даваў яму ніякай інфармацыі. «Увогуле, калі чалавек прыходзіць у войска, у яго знікаюць многія правы грамадзяніна. Цяпер ён не грамадзянін — ён салдат». І гэта праблема.

Вырашыць мірна

«Акім — спартовец, займаўся грэка-рымскай барацьбой. Таксама ён піша вершы, чытае рэп і запісаў са сваім гуртам 7 альбомаў. Наведваў хрысціянскую суполку.

Перад судом Акім сказаў, што хоча прачытаць верш у якасці заключнага слова. Але я адгаварыў яго, кажа бацька.

У часе следства Акіму яфрэйтара далі. Значыць, служыць хлопец нармальна.

Праблема ў тым, мяркуе Бянеш, што сістэма не вучыць маладога салдата паводзінам у крытычнай сітуацыі. Яны не ведаюць сваіх правоў, не ведаюць статута: да каго звярнуцца, каму дакладваць, па якіх тэлефонах.

«Пасля суда я планую праявіць грамадскую ініцыятыву — выдаць буклеты для прызыўнікоў. Там будзе каля 15 прыкладаў экстрэмальных сітуацый у войску і апісаныя шляхі рашэння, будуць кантактныя тэлефоны».

Таксама ён прапануе: чаму б не паставіць танныя камеры ў казармах?

Што да судовай справы сына, то бацька марыць, каб усё скончылася міравым пагадненнем: «Вось езджу, збіраю неабходныя распіскі для суда». Для бацькі галоўнае цяпер нават не тое, каб «дзяды» панеслі пакаранне — хоць ён гатовы, калі спатрэбіцца, стаяць на тым да канца. Галоўнае, каб прысуд не паламаў жыцця сыну.

«Дзедаўшчына — гэта здрада»

І Вайсковая пракуратура, і Мінабароны неахвотна гавораць пра далікатную справу Акіма Беняша.

«Кропку ў справе паставіць толькі суд, і да прысуду нельга штосьці каментаваць, — сказаў «НН» начальнік упраўлення інфармацыі Міністэрства абароны Уладзімір Макараў. — Аднак я не сумняваюся ў кампетэнтнасці нашага суда, таксама як і ў кампетэнтнасці органаў следства.

Тым больш, што шмат з іх ніякім чынам не звязана з Міністэрствам абароны. Дарэчы, у Беларусі паказчыкі крыміналу ў войску ніжэйшыя, чым у многіх іншых краінах. У нас статыстыка адкрытая, летась у нас было 1,7 крымінальнай справы на 1000 вайскоўцаў.

Мы будзем выкараняць любыя праявы «дзедаўшчыны» законам, бо гэта літаральна здрада радзіме, бо «дзедаўшчына» супярэчыць асноўнай рысе менталітэту беларусаў — калектывізму».

На пытанне пра лёс крыўдзіцеляў Акіма Беняша, у бойцы з якімі ён і «зарабіў» сабе крымінальную справу, Макараў сказаў, што, «наколькі мне вядома, усе справы былі закрыты».

«Усе тыя «дзяды» дэмабілізуюцца 15 мая», — кажа нам Алег Бянеш.

Суд па справе Беняша павінен скончыцца ў маі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства