Атакаваны сайт БАЖ
Ідзе DDos-атака на сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў www.baj.by.
Як паведаміў прэс-сакратар асацыяцыі Барыс Гарэцкі,
атака пачалася праз 30 хвілін пасьля таго, як на сайце быў
разьмешчаны матэрыял пра спосабы абараніцца ад віртуальных нападаў
на сайты.
«Мы ўзялі парады ў дасьведчаных IT-шнікаў, напісалі,
як засьцерагчыся ад узломаў і DDoS-атакаў, аднак самі трапілі
пад прыцэл невядомых. Нашыя праграмісты спрабуюць утаймаваць атаку, аднак гэта
вельмі складана, таму даводзіцца проста чакаць, пакуль яна скончыцца», —
паведаміў Барыс Гарэцкі.
Цяпер сайт Беларускай асацыяцыі журналістаў альбо не адкрываецца, альбо
грузіцца вельмі павольна.
25 красавіка былі ўзламаныя сайты навіннага парталу «Беларускі партызан»
і правабаарончага цэнтру «Вясна».